Андрэй Савіных камэнтуе сытуацыю з затрыманьнем спадара Ахмедава гэтак:
(Савіных: ) “Што тычыцца непасрэдна гэтай сытуацыі, дык амбасада Беларусі ў Маскве мае ўсю інфармацыю і ажыцьцяўляе ўсе неабходныя ў такіх выпадках дзеяньні. Гэта фактычна ўвесь мой камэнтар, паколькі згодна з практыкай, якая склалася, якіх-небудзь дэталяў, зьвязаных з асабістымі абставінамі, мы не раскрываем”.
Між тым, адбываецца блытаніна з рэальным грамадзянствам спартоўца. Адны мас-мэдыі паведамляюць, што Ібад Ахмедаў мае толькі беларускае грамадзянства, другія — і беларускае, і катарскае, трэція — што ён згубіў беларускае грамадзянства, паколькі дзейны закон быццам бы не дазваляе грамадзянам Беларусі мець падвойнага грамадзянства. На думку супрацоўніка ўправы консульскай службы Міністэрства замежных справаў Беларусі Аляксандра Астроўскага, блытаніна ідзе ад таго, што ня ўсе ведаюць пра новую рэдакцыю закону Рэспублікі Беларусь аб грамадзянстве. Старая рэдакцыя, прынятая яшчэ Вярхоўным Саветам Беларусі 12 скліканьня, наогул не прадугледжвала двайнога грамадзянства. Аднак ў 2002 годзе, тлумачыць спадар Астроўскі, сытуацыя зьмянілася:
(Астроўскі: ) “У новым законе існуе артыкул 11 — заканадаўства Рэспублікі Беларусь не прызнае за беларускім грамадзянінам ягонага замежнага грамадзянства любой дзяржавы. Гэта норма дзейнічае са жніўня 2002 году. Адпаведна, калі пасьля гэтай даты беларускі грамадзянін набыў грамадзянства любой іншай краіны, дык беларускае заканадаўства разглядае яго, як і раней, грамадзянінам Рэспублікі Беларусь. Каб прыпыніць беларускае грамадзянства, грамадзянін мусіць пісьмова заявіць пра такое жаданьне. І тады ажыцьцяўляецца такая працэдура як выхад з грамадзянства”.
Падобна на тое, што Ібад Ахмедаў заявы аб выхадзе зь беларускага грамадзянства не падаваў. Як я даведаўся, яго прывезьлі ў Беларусь з Азэрбайджану, дзе да гэтага часу жыве ягоная маці, восем гадоў таму. Гэта была звычайная апэрацыя з мэтай прывабіць таленавітых спартоўцаў, якія маглі прынесьці Беларусі мэдалі на высокім узроўні.
Вядома, што каўкаскі рэгіён традыцыйна пастаўляе здольных спартоўцаў у незалежныя краіны былога СССР. Ібаду аформілі беларускае грамадзянства. Але нейкіх надзвычайных перамогаў ён ня меў. І калі ягоны трэнэр Аляксандар Дуброўскі выехаў зь Менску на працу ў Катар і пры гэтым запрасіў з сабою свайго вучня, якога ён ведае з 1988 году, ніхто ў Беларусі гэтаму не перашкаджаў.
Дзе цяпер знаходзіцца Ібад Ахмедаў, сказаць цяжка, паколькі нават з амбасады Беларусі ў Расеі паступаюць супярэчлівыя зьвесткі. Адны супрацоўнікі кажуць, што Ахмедава быццам бы ўжо вызвалілі, другія — што ён да гэтага часу знаходзіцца пад арыштам.