Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“НІВА” – ГАЗЭТА БЕЛАСТОЦКІХ БЕЛАРУСАЎ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

На першай старонцы апошняга нумару “Нівы” зьмешчаны матэрыял пра пяты конкурс гэтак званай беларускай “гавэнды”, які быў арганізаваны ў гайнаўскім беларускім ліцэі. Сёлета ў гэтым конкурсе ўзялі ўдзел больш за паўсотні вучняў, якія распавядалі на сваім дыялекце, ці на літаратурнай беларускай мове, сьмешныя гісторыі пра штодзённае жыцьцё, або пра мінуўшчыну.

“Мерапрыемства з кожным годам робіцца ўсё больш папулярным”, – кажа “Ніве” адзін з арганізатараў імпрэзы Васіль Сакоўскі.

Далей “Ніва” піша: “У сярэдзіне лютага ў горадзе Інаўроцлаў адбыліся ўрачыстасьці ў гонар Язэпа Найдзюка. Там 20 гадоў таму памёр гэты выбітны беларускі нацыянальны і культурны дзеяч. Ягоную памяць ушанавалі беларусы і палякі. Над друкарняй, дзе ён працаваў, луналі бела-чырвоны польскі і бел-чырвона-белы беларускі сьцягі.

Вядомы пісьменьнік Сакрат Яновіч, прамаўляючы ў часе ўрачыстасьцяў, сказаў: “Мы, беларусы, далі вам, жыхарам Інаўроцлава Язэпа Найдзюка, як калісьці далі Польшчы караля Ягайлу і Адама Міцкевіча”.

На шыльдзе ў гонар Язэпа Найдзюка, адкрытай ў Інаўроцлаве, напісана “Ня маючы магчымасьці служыць сваёй Бацькаўшчыне, ён палюбіў і ўзбагаціў польскую зямлю”.

Як заўсёды, у “Ніве” шмат артыкулаў сталых аўтараў. У прыватнасьці, вядомы беластоцкі журналіст Мікола Ваўранюк разважае над тым, ці беларусы, якія жывуць у Польшчы, гавораць па-беларуску і прызнаюцца ў тым, што яны беларусы, або ўзамен прыдумляюць нейкія адгаворкі. Спадар Ваўранюк раіць усім беларусам паехаць у мястэчка Пуньск, дзе ў мясцовай літоўскай школе і матэматыка і фізычная культура выкладаюцца па-літоўску.

У “Ніве” таксама агляд беларускіх сайтаў і гісторыя беларускага спорту “Ад Гэльсынак да Атэнаў”. У гэтым нумары пра ўдзел беларускіх спартоўцаў у алімпійскіх гульнях у складзе каманды СССР у Манрэалі. Тады беларусы здабылі 21 мэдаль.

Гэтым разам “Ніва” таксама зьмяшчае “Занатоўкі кантрабандыста” – гэта расповяды дасьведчанага чалавека, які шмат паезьдзіў праз польска-беларускую мяжу. Працытую ўрывак: “Раней часы для кантрабандыстаў былі цудоўныя – чапляліся толькі да алькаголю. Усё астатняе мытнікаў мала цікавіла. Таму, на пытаньне, што мы вязем у шасьці дваццацілітровых каністрах, мой калега Міша, ні міргнуўшы вокам, адказаў – паліва! Едзем да сваякоў на захад Польшчы – там даражэй. Мытніку нават у галаву не прыйшло, што там можа быць самагонка. А вось кульгавы дзядок на рынку ў Бельску-Падляшскім адразу ўцяміў, што ў каністрах тое, па што ён сюды і прыцягнуўся. Не пасьпелі мы напоўніць ягоны алюмініевы кубак, як каля аўтамабілю выцягнулася доўгая чарга людзей з бутэлькамі ад напою, імбрыкамі, а нават з плястыкавымі пакетамі...”

Усё гэта можна прачытаць у сьвежым нумары газэты беларусаў Беласточчыны “Ніва”. На “Ніву” можна падпісацца толькі ў Варшаве і Беластоку, але перасылка поштай у Беларусь магчымая. У інтэрнэце матэрыялы чарговага нумару зьяўляюцца на тыдзень пазьней.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG