Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДКЛЮЧЭНЬНЕ ГАЗУ 1 САКАВІКА НЕ ПАЎТОРЫЦЦА


Юры Сьвірко, Менск

У пятніцу, апошні працоўны дзень перад заканчэньнем цяперашняга часовага кантракту на пастаўку газу ў Беларусь, кампанія “Транс Нафта” абвясьціла, што паставіць “Белтрансгазу” ў пачатку сакавіка 120 мільёнаў кубамэтраў газу. Гэтае рашэньне дазволіць “Газпрому” не перакрываць вэнтыль, як гэта здарылася на мінулым тыдні.

Праблему паставак газу абмеркавалі ў пятніцу ў Алматы кіраўнікі ўрадаў Беларусі й Расеі. Адзначыўшы, што найбліжэйшым часам будуць разьвязаныя ўсе пытаньні з пастаўкай нафты ў Беларусь, выканаўца абавязкаў расейскага прэм’ер-міністра Віктар Хрыстэнка дадаў: “Менш пасьпяхова выглядае газавая тэма”. Паводле спадара Хрыстэнкі, некаторыя рашэньні ў газавай сфэры “дасягнутыя на кароткі тэрмін”, таму перамовы трэба працягваць.

Віктар Хрыстэнка заявіў таксама, што Расея й Беларусь пацьвердзілі, што падзеляць “Белтрансгаз” у суадносінах 50 на 50 адсоткаў, і мова йдзе толькі пра такі варыянт. Паводле яго, абодва бакі разумеюць, што выбар ацэншчыка актываў “Белтрансгазу” мусіць быць пацьверджаны і Менскам, і Масквой. На думку спадара Хрыстэнкі, аптымальны тэрмін для выбару гэтага аўдытара – 2 месяцы.

Беларускі прэм’ер Сяргей Сідорскі заявіў у Алматы, што ўрады Беларусі й Расеі маюць намер умяшацца ў працэс перамоваў паміж сваімі газатранспартнымі кампаніямі. “Мы спадзяемся, што “Газпром” і “Белтрансагаз” падпішуць кантракт у той рэдакцыі, якую ўзгадняюць ўрады дзьвюх краін”, – сказаў спадар Сідорскі. Ён паведаміў, што перадаў Віктару Хрыстэнку ліст, дзе выкладзеная пазыцыя беларускага боку што да гэтага кантракту, у тым ліку наконт тарыфаў на пастаўку газу ў Беларусь і на транзыт.

Кіраўнік беларускага ўраду зазначыў, што Беларусь будзе настойваць на тым, каб “Газпром” выконваў даручэньні, дадзеныя згодна з міжурадавымі пагадненьнямі 1992, 194 і 2000 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG