Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КАТАРЫ АРЫШТАВАЛІ ДВУХ СУПРАЦОЎНІКАЎ РАСЕЙСКІХ СПЭЦСЛУЖБАЎ, ЯКІХ АБВІНАВАЦІЛІ Ў ЗАБОЙСТВЕ ЯНДАРБІЕВА


Юры Сьвірко, Менск

Улады Катару праз тыдзень пасьля затрыманьня трох грамадзянаў Расеі аднаго зь іх вызвалілі, а двум прад’явілі афіцыйныя абвінавачаньні ў забойстве адного з чачэнскіх лідэраў Зелімхана Яндарбіева. Пра гэта паведаміла катарскае міністэрства ўнутраных справаў. Затрыманыя зьяўляліся супрацоўнікамі расейскіх спэцслужбаў. Гэта пазьней прызнала й Масква.

Хаця выканаўца абавязкаў міністра замежных справаў Расеі Ігар Іваноў паўтарыў, што ягоная краіна ня мае дачыненьня да забойства, ён двойчы выклікаў да сябе катарскага амбасадара ў Маскве ды заявіў яму наступнае, цытую:

“Згаданыя расейскія грамадзяне, адзін зь якіх мае дыпляматычны пашпарт, ёсьць супрацоўнікамі расейскіх спэцслужбаў. У рамках свайго статусу прыкамандзіраваных да амбасады яны знаходзіліся ў Катары на законных падставах і выконвалі безь якіх-небудзь парушэньняў мясцовага заканадаўства задачы інфармацыйна-аналітычнага характару, зьвязаныя з супрацьдзеяньнем міжнароднаму тэрарызму”.

Спадар Іваноў назваў абвінавачаньні з боку катарскіх уладаў інсінуацыямі й правакацыяй.

Расейская амбасада ў Катары спрабуе дамагчыся рэгулярных спатканьняў з двума арыштаванымі агентамі, якіх затрымлівалі з ужываньнем зброі й фізычнай сілы. Цягам 7 дзён катарскія ўлады нічога не паведамлялі пра затрыманьне расейскіх грамадзян іхнай амбасадзе. Паводле амбасадара Віктара Кудраўцава, адно спатканьне ўжо адбылося, і арыштаваныя ня скардзіліся на ўмовы ўтрыманьня.

Адметна, што шэф расейскага МЗС падкрэсьліў, што Масква шмат разоў зьвярталася да Катару “з настойлівымі патрабаваньнямі выдаць Яндарбіева, які асабіста вінаваты ў сьмерці соцень грамадзянаў Расеі, у тым ліку загіблых у маскоўскім тэатральным цэнтры на Дуброўцы ў выніку тэракту, якім ён кіраваў непасрэдна з Катару”.

Ігар Іваноў абвінаваціў катарскія ўлады ў тым, што яны не выконвалі свае міжнародныя забавязаньні што да барацьбы з тэрарызмам, а таксама далі спадару Яндарбіеву поўную свабоду перасоўваньня, зносінаў з прадстаўнікамі розных тэрарыстычных і экстрэмісцкіх рэлігійных арганізацыяў, збору сродкаў для зьдзяйсьненьня новых тэрактаў у розных краінах.

Камэнтуючы відавочныя паралелі паміж гэтым абвінавачаньнем на адрас Катару і мэтай знаходжаньня там расейскіх агентаў, кіраўнік прэсавага бюро службы замежнай выведкі Расеі Барыс Лабусаў заявіў, што ані ягоная служба, ані яе папярэднік – Першая галоўная ўправа КГБ СССР – гэткага кшталту рэчамі не займаюцца з 1959 году, калі за межамі Савецкага Саюзу быў зьнішчаны лідэр украінскіх нацыяналістаў Сьцяпан Бандэра.

Прэсавы сакратар беларускага КГБ Аляксандар Базанаў сказаў з гэтай нагоды:

(Базанаў: ) “У гісторыі ўжо сучаснай Беларусі, у гісторыі яе сучасных спэцслужбаў, якой ёсьць сёньня КГБ Рэспублікі Беларусь, падобных выпадкаў або якіх-небудзь непаразуменьняў, зьвязаных з нашымі супрацоўнікамі, якія знаходзіліся за мяжой, ніколі не было”.

Спадар Базанаў дадаў, што “выпадкаў ліквідацыі асобаў на тэрыторыі Беларусі не было і за савецкім часам, бо тут не было пашыранага падпольля”. Паводле яго, спэцаддзелы НКВД і МГБ займаліся такімі спэцзахадамі ў рэдкіх канкрэтных выпадках з санкцыі найвышэйшага палітычнага кіраўніцтва, але там, дзе было асяродзьдзе актыўнага падпольнага руху, варожага да тагачаснага дзяржаўнага ладу. Гэта тычылася, напрыклад, Сьцяпана Бандэры ўва Ўкраіне, кажа спадар Базанаў зь беларускага КГБ.

(Базанаў: ) “У Беларусі такога не было, гістарычна не было, таму тут і не было ніводнага выпадку так званых ліквідацыяў. Ну, ня лічачы забойства Міхоэлса, пра якое шмат ужо гісторыкі напісалі. Але, паводле наяўных гістарычных кронікаў, спэцзагад выконвала спэцгрупа з Масквы”.

Да гэтых словаў прэсавага сакратара КГБ Беларусі варта дадаць, што і цяпер у Менску ёсьць спэцгрупа з Масквы, якая працуе пры амбасадзе Расеі ў Беларусі. Хаця яна вельмі сакрэтная, вядома, што яна сочыць, напрыклад, за дзейнасьцю супрацоўнікаў амбасады ЗША ў Менску. Аднаго такога расейскага адмыслоўца некалькі гадоў таму накіравалі ў сталіцу Беларусі з Паўднёвай Амэрыкі, дзе ён таксама адсочваў дзеяньні амэрыканцаў. Зроблена гэта было паводле просьбы беларускага КГБ, які такіх адмыслоўцаў ня меў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG