26 лютага 1744 году, гэта значыць 260 гадоў таму ў Крычаве адбылося пакараньне сьмерцю завадатараў Крычаўскага паўстаньня. На загад князя Гераніма тут былі публічна забітыя шаснаццаць чалавек. Кіраўнік паўстаньня Васіль Вашчыла здолеў уцячы ва Ўкраіну. Гэтыя драматычныя падзеі сталі падставаю для п'есы Ўладзімера Караткевіча “Маці Ўрагану”.
26 лютага 1901 году ў Маскве беларускі студэнт Пётра Карповіч застрэліў міністра асьветы Расеі Багалепава. Гэта яшчэ адзін выпадак у хроніцы тэрарыстычных актаў, якія ўчынілі выхадцы зь Беларусі супраць чыноўнікаў царскай Расеі. Найбольш вядомае ў гэтым шэрагу забойства Ігнатам Грынявіцкім расейскага цара Аляксандра ІІ. Што да Пятра Карповіча, дык ягоны ўчынак быў адказам на пастанову Багалепава аддаваць недабранадзейных студэнтаў у салдаты. Карповіч быў выпускніком Слуцкай гімназіі, а ў судовай справе праходзіў як “гомельскі мешчанін”. На момант тэракту ён ужо быў выключаны з маскоўскага і юр’еўскага ўнівэрсытэтаў за свае палітычныя погляды. Суд прысудзіў забойцу міністра да дваццаці гадоў катаргі, зь якой Карповічу ўдалося ўцячы. Ён далучыўся да эсэраў і апынуўся ў Англіі.
У адрозьненьне ад Карповіча, паэт і клясык беларускай літаратуры Алесь Гарун ня быў тэрарыстам. Але як і Карповіч, Гарун быў эсэрам і займаўся прапагандай супраць царскага самаўладзтва. За гэта быў арыштаваны, і 26 лютага 1908 году Віленская судовая палата прысудзіла яго спачатку да астрогу – як непаўналетняга, пасьля да катаргі, а ўрэшце да ссылкі на 9 гадоў у Сыбір. На радзіму Гарун вярнуўся з моцна падарваным здароўем і неўзабаве памёр.
Сёньня спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэньня беларускага літаратара Георгія Коласа. Родам ён з Чэрвеньскага раёну. У ягоным даробку мноства тэатразнаўчых артыкулаў і кніг, больш за 25 сцэнароў дакумэнтальных фільмаў. Напрыканцы жыцьця Георгі Колас напісаў кнігу пра таямніцу сьмерці Янкі Купалы. Сёньня культурніцкую справу бацькі працягваюць ягоныя сыны – Уладзімер Колас, дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэю, і Зьміцер Колас, вядомы перакладчык францускае літаратуры.
Дарэчы, акурат сёньня, 26 лютага – дзень народзінаў славутага францускага раманіста Віктора Гюго.
А яшчэ 26 лютага ў 1918 годзе прыйшоў на сьвет Пятро Машэраў – шматгадовы камуністычны кіраўнік Беларусі ў часы брэжнеўскага застою ў СССР.