Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ АНАЛІТЫКІ ЎПЭЎНЕНЫЯ, ШТО АДСТАЎКА ЎРАДУ РАСЕІ НЕ ЗЬВЯЗАНАЯ ЗЬ БЕЛАРУСКІМІ СПРАВАМІ


Уладзімер Глод, Менск

Ніхто з маіх суразмоўцаў ня лічыць, што адстаўка зьвязаная з апошнім беларуска-расейскім канфліктам. У прыватнасьці, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Навасяд лічыць, што зьмены ў расейскім урадзе – выключна ўнутраная справа суседняй краіны:

(Навасяд: ) “Насамрэч, я так мяркую, што цяпер адносіны паміж Беларусьсю і Расеяй знаходзяцца ў такім стане, што трэба вырашыць шэраг эканамічных пытаньняў. Гэта, канечне, энэрганосьбіты, гэта рынкавыя пераўтварэньні ў нашай краіне. Таму ці там Касьянаў, ці там Хрыстэнка, на лёсе Беларусі гэта ніяк не адаб’ецца. Ёсьць мэтанакіраваная дзейнасьць кіраўніка расейскай дзяржавы, і таму ці то Хрыстэнка, ці то Касьянаў – гэта ніяк не паўплывае на нашыя адносіны з Расеяй”.

Кіраўнік партыі БНФ Вінцук Вячорка таксама лічыць зьмены ў расейскім урадзе выключна расейскай справай:

(Вячорка: ) “Я ня думаю, што гэта напрамую зьвязанае зь беларуска-расейскімі дачыненьнямі. Але гэта ёсьць выстройваньне вэртыкалі ўлады, прычым, неадкладнае выстройваньне, якім займаецца Пуцін. Гэта чарговы крок да пабудовы сыстэмы “кіраванай дэмакратыі”. Відавочна, што Касьянаў стаў занадта не паслухмяным, выказваў пэўныя меркаваньні, прынамсі датычна арышту Хадаркоўскага, што перашкаджае пабудове цалкам кіраванай сыстэмы фармальна незалежных галінаў улады”.

Такі ж самы погляд і ў кандыдата эканамічных навук Леаніда Злотнікава:

(Злотнікаў: ) “Я мяркую, што гэтыя зьмены адбыліся на падставе нейкіх унутраных расейскіх падзеяў. Калі і было нейкае рознагалосьсе ў беларускім пытаньні ў Расеі, то гэта не падстава, каб Пуцін накіраваў урад Касьянава ў адстаўку тэрмінова, за тры тыдні да выбараў, таму што гэтая адстаўка мусіла б адбыцца пасьля пераабраньня Пуціна расейскім прэзыдэнтам. І калі б былі нейкія супярэчнасьці адносна Беларусі, то, я ня думаю, што яны настолькі сур’ёзныя, каб прымаць гэткія рашэньні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG