Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЗІМЕР РАМАНЦОЎ: “У АФГАНІСТАНЕ БЕЛАРУСЫ ВАЯВАЛІ ЗА ЧУЖЫЯ ІНТАРЭСЫ”


Валянцін Жданко, Менск

Рыхтуючы рэпартаж, журналістка Ганна Соусь пабывала на сходзе вэтэранаў-“афганцаў” у Ваеннай акадэміі Беларусі, і таму сюжэт складаўся пераважна з успамінаў вайскоўцаў, якія цяпер працуюць у гэтай навучальнай установе. Але адначасова журналістка ўключыла ў свой рэпартаж і голас яшчэ аднаго ўдзельніка вайны, запісаны ў іншым месцы і ў іншы дзень — сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімера Раманцова, які не працуе ў акадэміі. У 1983 годзе Ўладзімер Раманцоў добраахвотна паехаў ваяваць у Афганістан адразу пасьля заканчэньня артылерыйскай вучэльні. У яго ўласны пункт гледжаньня на мінулыя падзеі ў многім адрозны ад тых, якія выказвалі вайскоўцы, што працуюць у акадэміі.

Генэрал Міхаіл Паваляеў пасьля выхаду рэпартажу ў эфір зьвярнуўся ў рэдакцыю з прэтэнзіямі. Паводле яго, у слухачоў магло скласьціся ўражаньне, нібы Ўладзімер Раманцоў, які лічыць, што савецкія салдаты былі ў Афганістане захопнікамі, таксама служыць у акадэміі. А гэта, на думку генэрала, недапушчальна, і ён запатрабаваў ад рэдакцыі пісьмовых тлумачэньняў.

І хоць нідзе ў рэпартажы не сьцьвярджалася, што Ўладзімер Раманцоў мае дачыненьне да акадэміі, мы палічылі магчымым, каб ён сам выказаўся на гэты конт:

(Раманцоў: ) “Я, Раманцоў Уладзімер Іванавіч, служыў у Афганістане ў 1983–85 гадах пад горадам Кандагарам. Я гаварыў пра тое, што гэта вайна злачынная, пра тое, што беларусы ў ёй змагаліся за чужыя інтарэсы. Я гатовы пацьвердзіць гэта. Я ніколі не служыў у Ваеннай акадэміі. Але тым ня менш, адказваю за свае словы, за тое, што было сказана раней”.

У 1980-я гады, калі на афганскай зямлі лілася кроў, у Савецкім Саюзе нельга было называць гэта вайной — толькі “выкананьнем інтэрнацыянальнага абавязку”, як нельга было пісаць пра пакуты афганскага насельніцтва і пра тое, як яно рэагуе на дзеяньні акупацыйных войскаў. Нават на надмагільных помніках васемнаццацігадовых хлопцаў, якія вярталіся з вайны ў цынкавых трунах, улады забаранялі згадваць Афганістан.

Сёньня, празь пятнаццаць гадоў пасьля заканчэньня вайны, калі ўся праўда пра афганскую авантуру ўжо вядомая, часам здаецца, што некаторыя вайскоўцы ў сваіх уяўленьнях пра тое, што можна і што нельга казаць пра тую вайну, так і засталіся там, на пачатку 1980-х гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG