Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ


РСЭ/РС

Сьпярша – пра каляндарныя адметнасьці ўчорашняе нядзелі.

15 лютага ў Беларусі традыцыйна адзначаюцца Грамніцы або Стрэчаньне, земляробчае сьвята сустрэчы зімы і лета. Першая назва, як мяркуюць, пайшла ад паганскага бога Грамаўніка, які ўтварае веснавыя навальніцы і дажджы. Людзі казалі – “На Грамніцы – паўзіміцы“ або “Як прыйдуць Грамніцы – скідай рукавіцы“. А другая назва – Стрэчаньне – паходзіць ад царкоўнага “Срэценьня“, якое народ перарабіў на простае і зразумелае:

А ў нас сёньня Стрэчаньне, Стрэчаньне,
Зіма зь летам стрэлася, стрэлася
Лета зіму піхнула, піхнула
І ножачку зьвіхнула, зьвіхнула
Зіма пайшла плачучы, плачучы,
Лета пайшло скачучы, скачучы.

Гістарычныя падзеі.

15 лютага 1857 году ў Бэрліне памёр кампазытар Міхал Глінка, заснавальнік расейскай клясычнай музыкі. Паходзіў ён са старажытнага беларускага шляхецкага роду герба “Тшаска“. Найбольш вядомыя творы Глінкі – опэры “Жыцьцё за цара“ або “Іван Сусанін“, “Руслан і Людміла“.

Між іншым, у опэрах Глінкі сьпявала і Ларыса Александроўская, якая нарадзілася 15 лютага ў 1904 годзе, гэта значыць, 100 гадоў таму. Ці ня самая славутая беларуская опэрная сьпявачка, чый творчы росквіт прыпаў на сталінскую эпоху. Да таго ж Александроўская была кіраўніцай галоўнага тэатру краіны – Менскай опэры.

Учора ў Расеі адзначылі 15-я ўгодкі вываду савецкіх войскаў з Афганістану. Менавіта 15 лютага 1989 году ў 10.30 расейскі генэрал Громаў апошні перайшоў мост цераз раку Аму-Дар`ю на мяжы СССР і Афганістану. Так завяршылася неабвешчаная вайна, якая доўжылася крыху болей за 9 гадоў. За час вайны ў Афганістане перабылі больш за 700 тысячаў савецкіх вайскоўцаў. Каля 15 тысяч зь іх загінулі, 6 тысячаў памерлі пазьней – ад ранаў. Увогуле параненыя былі амаль 50 тысяч вайскоўцаў. 311 чалавек прапалі бязь вестак.

Цяпер – пра сёньняшні каляндар.

16 лютага 1757 году ў вёсцы Скокі цяперашняга Берасьцейскага раёну нарадзіўся Юльян Нямцэвіч – слынны змагар і пісьменьнік, ад’ютант Тадэвуша Касьцюшкі.

Таксама 16 лютага ў 1895 годзе нарадзіўся яшчэ адзін знакаміты беларускі вайсковец – Францішак Кушаль. Ён родам зь Пяршаяў пад Валожынам. У часе другой сусьветнай вайны Кушаль рабіў шмат высілкаў, каб у акупаванай немцамі краіне стварыць самастойнае беларускае войска. Пасьля вайны мусіў эміграваць і рэшту жыцьця правёў у Амэрыцы. Быў старшынём Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня. А побач з Кушалем праз усе жыцьцёвыя нягоды ішла разам ягоная жонка – славутая паэтка Натальля Арсеньнева.

16 лютага 1918 году была абвешчаная незалежная Літоўская рэспубліка. Таму сёньня ў суседняй Літве выходны дзень – адзначаецца дзяржаўнае сьвята – Дзень аднаўленьня незалежнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG