Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЦЕБСКАЯ СЯМ’Я ЗМАГАЕЦЦА ПРАЗ ІНТЭРНЭТ СУПРАЦЬ МІЛІЦЭЙСКАГА ЎЦІСКУ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Што да сям’і Земляковых, то гэта звычайная, як прынята казаць, сярэднестатыстычная сям’я: бацька, маці ды двое сыноў. Асаблівым можна лічыць хіба тое, што бацька, Міхась Землякоў, ёсьць сябрам Партыі БНФ. Але ў дадзеным выпадку зусім не партыйная прыналежнасьць галоўнае: спадар Міхась належыць да тае катэгорыі людзей, якія арганічна не выносяць несправядлівасьці.

У цяперашняй сытуацыі, на жаль, вельмі часта даводзіцца сутыкацца зь несправядлівасьцю, асабліва калі ты размаўляеш па-беларуску, не хаваеш апазыцыйных поглядаў ды ня будзеш цярпець зьдзеку з боку службовых асобаў, як да гэтага прызвычаілася большасьць суграмадзянаў. Гэтак кажа сам Міхась Землякоў, які ўжо мае пэўны адпаведны досьвед: год таму ён мусіў бараніць свайго малодшага сына Ігара ад супрацьпраўных дзеяньняў віцебскіх міліцыянтаў і ўжо тры гады вядзе змаганьне за гонар старэйшага сына Юрася, над якім чынілі зьдзек міліцыянты з Партызанскага РАУС Менску.

Увесну мінулага году ў кватэру Земляковых, дзе знаходзіўся толькі непаўнагадовы Ігар, уварваліся два супрацоўнікі міліцыі ды ўчынілі самавольны допыт — без адпаведнае санкцыі і ў адсутнасьць ягоных бацькоў. Рэч у тым, што з кватэры суседзяў быў скрадзены магнітафон, а міліцыянты такім чынам адпрацоўвалі “магчымыя вэрсіі” злачынства. Абодвум Земляковым давялося тады ня толькі давесьці невінаватасьць Ігара, але й настояць, каб за свае супрацьзаконныя дзеяньні міліцыянты былі пакараныя — вінаватым былі вынесеныя вымовы ды службовае папярэджаньне.

Гісторыя, у якую трапіў старэйшы брат Ігара, Юрась Землякоў, падобная да папярэдняй, але больш драматычная. Тры гады таму ў менскую кватэру, якую здымаў Юрась Землякоў, тады студэнт лінгвістычнага ўнівэрсытэту, таксама ўварваліся некалькі невядомых людзей у цывільным ды супрацоўнік АМОНу з аўтаматам. Яны праводзілі ператрус — без адпаведнага дазволу, да таго ж заявілі, што некаторыя рэчы падлягаюць канфіскацыі.

Юрася Землякова на той час у кватэры не было. Калі хлопец вярнуўся ды пачаў абурацца дзеяньнямі міліцыянтаў, яго зьбілі, прымушаючы спачатку прызнацца ў нейкім забойстве, а потым у незаконным захаваньні зброі ды наркотыкаў. Пасьля яго завезьлі ў Партызанскі РАУС, дзе зьбіцьцё працягвалася, а празь некалькі гадзінаў адзін з камандзіраў АМОНу навёў на хлопца аўтамат ды сказаў, што зараз расстраляе.

Уся гэтая гісторыя падрабязна выкладзеная на сайце. Заўважу толькі, што на гэтай старонцы, апроч аповеду бацькі, Міхася Землякова, зьмешчаная і хроніка ягонага змаганьня за гонар сына, а таксама пералічаныя “адрасы бязьдзеяньня” — тыя інстанцыі, куды спадар Міхась беспасьпяхова зьвяртаўся ў пошуках праўды. Цягам трох гадоў яму не ўдалося дамагчыся ні пакараньня міліцыянтаў, якія зьдзекваліся зь ягонага сына Юрася, ні вяртаньня сканфіскаваных рэчаў.

Сёньня віцяблянін Міхась Землякоў — адзін з тых, каму даводзіцца бараніць гонар сваёй сям’і ўласнымі сіламі, ды яшчэ змагацца супраць тых, хто мусіў бы рабіць гэта паводле службовых абавязкаў. Ён пэўны, што ў гэтым змаганьні варта выкарыстоўваць усе наяўныя сродкі, у тым ліку й мажлівасьці Інтэрнэту, якія дапамогуць яму прыцягнуць увагу да свае праблемы як мага большай колькасьці людзей. Шырокая грамадзкая падтрымка, на думку спадара Землякова, дапаможа яму нарэшце дамагчыся справядлівасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG