Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСТАЎКІ РАСЕЙСКАГА ГАЗУ Ў БЕЛАРУСЬ БЫЛІ СПЫНЕНЫЯ


Віктар Дзятліковіч, Масква

Расейскі бок спыніў пастаўкі газу 12 лютага ў другой палове дня. Гэта адбылося з-за таго, што Беларусь вычарпала ўсе аб’ёмы газу, якія мусіла атрымаць у лютым па кантрактах з расейскімі кампаніямі “Ітэра” і “Транс Нафта”.

Спыненьне паставак, пэўна, напужала беларускія улады. Таму што ўжо празь некалькі гадзінаў канцэрн “Белтрансгаз” падпісаў з “Транс Нафтай” кантракт на пастаўку 360 мільёнаў кубамэтраў газу. Гэтае пагадненьне было прапанаванае беларускаму боку яшчэ 9 лютага, але “Белтрансгаз” марудзіў зь ягоным падпісаньнем, бо лічыў кошты “Транс Нафты” вялікімі. І толькі пэрспэктыва застацца бяз паліва вымусіла беларускі бок пагадзіцца на ўмовы расейскай кампаніі.

Справа ў тым, што заключэньне кантрактаў з “Ітэрай” і “Транс Нафтай” – гэта адзіная на сёньняшні дзень магчымасьць забясьпечыць Беларусь газам. Бо перамовы з “Газпромам” зайшлі ў тупік. Адзін з кіраўнікоў расейскага газавага канцэрну Аляксандар Разанаў заявіў сёньня: “Беларускі бок працягвае настойваць на нярынкавым кошце паставак газу, які ніжэйшы за фактычны сабекошт. Але чаму “Газпром” павінен працаваць са стратамі для сябе?” Нагадаю, што беларускія улады жадаюць атрымліваць расейскі газ па 30 даляраў за тысячу кубамэтраў, а “Газпром” настойвае на 50 далярах.

Сёньня ж жорсткую пазыцыю “Газпрому” ўскосна падтрымаў і прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін. Камэнтуючы адносіны з краінамі СНД ён заявіў, што Расея ня мусіць болей быць “дойнай каровай” для ўсіх і кожнага. “Мы мае права – сказаў Пуцін – патрабаваць улічваць нашыя інтарэсы, таксама, як мы паважаем інтарэсы нашых партнэраў”. Слова “Беларусь” у заяве Пуціна не прагучала, але было зразумела, што ён мае на ўвазе найперш менавіта расейска-беларускія адносіны.

Такія жорсткія заявы і часовае адключэньне паставак газу мела пэўны эфэкт. Позна увечары агенцтва РИА-Новости распаўсюдзіла заяву ананімнага прадстаўніка канцэрну “Белтрансгаз”. Ён заявіў, што сам па сабе “Белтрансгаз” гатовы пагадзіцца на ўмовы “Газпрому” і купляць газ па 50 даляраў за тысячу кубамэтраў, але не атрымлівае на гэта згоды ад ураду Беларусі.

Відаць, беларускае кіраўніцтва ня страціла надзеі падпісаць з “Газпромам” кантракт на больш выгадных умовах. Альбо ўлады Беларусі не выключаюць магчымасьці несанкцыянавана забіраць газ, які транзытам ідзе праз тэрыторыю краіны ў Эўропу. Намесьнік старшыні “ Газпрому” Аляксандар Разанаў сёньня перасьцярог беларускі бок ад такіх дзеяньняў, заявіўшы: “Нашым калегам у Беларусі трэба добра ўзважыць магчымыя наступствы парушэньня міжнародных дамоўленасьцяў ў галіне паставак газу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG