Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“FRANKFURTER ALLGEMEINE”: “BMW” ДЛЯ БЕЛАРУСКАГА ПРЭЗЫДЭНТА”


РСЭ/РС

Сёньня нямецкі журналіст расказвае чытачам пра яе працяг. Газэта піша пра дзяржаўны рэкет на беларускай мяжы і пра тое, што беларуская мытня мэтанакіравана канфіскуе тавары на карысьць рэжыму Лукашэнкі.

Як піша “Frankfurter Allgemeine”, Юрген Бартгельмэс вымушаны быў прайсьці ў Беларусі амаль усе інстанцыі, улучна зь Вярхоўным судом. Аднак вэрдыкт беларускай Фэміды быў нязьменны: канфіскацыя аўтамабіля “BMW” зробленая на законных умовах. Толькі пасьля падключэньня да справы амбасадара ФРН ў Беларусі Гельмута Фрыка, нямецкі бок праз тры месяцы атрымаў адказ ад Вярхоўнага суду. Зь ліста вынікала, што Бартгельмэс мае права атрымаць свой “BMW” назад, бо падставы для канфіскацыі машыны ёсьць неістотнымі.

Задаволены немец ізноў сабраўся ў Менск. На гэты раз на самалёце. Першай інстацыяй, якую ён наведаў –дэпартамэнт па гуманітарнай дапамозе. Менавіта ў кампэтэнцыі гэтае структуры вырашаць, куды трэба накіроўваць тыя ці іншыя канфіскаваныя мытнікамі рэчы. Высьветліся, што шыкоўная машына была дастаўленая зь Берасьця ў Менск, непасрэдна ў гараж прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Пасьля чарговага падключэньня нямецкага амбсадара і ягоных настойлівых тэлефанаваньняў у розныя інстанцыі “BMW” паабяцалі выдаць літаральна празь дзень. У прызначаны час Бартгельмэс даведаўся, што ўсё ў парадку за выключэньнем дробязі – не хапае адной паперы, якую вось-вось павінна была падпісаць адказная на той час дзяржаўная чыноўніца Галіна Жураўкова. За гэта немцу, праўда, дазволілі ўбачыць ўласны аўтамабіль. У вялікім менскім будынку з мноствам гаражоў сярод вялікай колькасьці шыкоўных мэрсэдэсаў, шэўрале, джыпаў, Бартгельмэс убачыў і свой “BMW”, аднак ужо зь беларускімі нумарамі. Немцу між іншым удалося высьветліць, што за апошнія сем гадоў толькі трое замежных ўладароў дарагіх аўтамабільных марак атрымалі назад канфіскаваныя ў іх машыны.

На наступны дзень Бартгельмэса чакала расчараваньне: спадарыня Жураўкова зноў не падпісала паперу. Высьветлася, што ёй патрэбная асабістая рэзалюцыя спадара Лукашэнкі. Яшчэ празь дзень высьветлілася, што патрэбны яшчэ адзін дакумэнт – арыгінал рашэньня Вярхоўнага суду з адпаведнымі рэгістрацыйным нумарам і штампам.

Праз два тыдні нэрвы Бартгельмэса ня вытрымалі. Ён адляцеў у Нямеччыну, дзе яго чакаў уласны бізнэс. Нямецкі амбасадар тым часам накіраваў ліст да спадарыні Жураўковай, у якім падкрэсьлівалася, што падобны інцыдэнт наносіць шкоду іміджу Беларусі ў вачох інвэстараў і падрывае ўсялякі давер да краіны. Нямецкая амбасада і дагэтуль не атрымала ніякага адказу на свой ліст. Што да “BMW”, то машына працягвае стаяць там, дзе і стаяла.

Як піша “Frankfurter Allgemeine”, выпадак з Бартгельмэсам ёсьць толькі вяршыняй айсбэргу. Паводле афіцыйных дадзеных, беларуская мытня штогод канфіскуе на мяжы замежных тавараў коштам дзясяткі мільёнаў эўра. Не бяз гонару піша пра гэта і афіцыйны беларускі друк, сьцьвярджаючы, што ў выніку “пасьпяховага ўлову мытнікаў” беларускія моднікі змогуць купляць у крамах кшталту “Канфіскат” вельмі танныя рэччы ад Armani, Gucci, Dolce&Gabanna, карацей, усё тое, што ішло зь Нямеччыны ў Расею празь Беларусь.

Паводле “Frankfurter Allgemeine”, падобныя акцыі беларускіх мытнікаў, з гледзішча заходніх дыпляматаў, ёсьць дзяржаўным рэкетам. Расейскі амбасадар ў Менску Аляксандр Блахін выказваецца яшчэ больш рэзка, заяўляючы пра адмыслова сплянаваную акцыю, пры дапамозе якой беларускае кіраўніцтва імкнецца папоўніць свой бюджэт. Толькі летась на беларускай мяжы было канфіскавана расейскіх тавараў на суму 60 мільёнаў даляраў. Характэрна, што у адпаведных беларускіх паперах тая ці іншая расейская фірма падаецца як увогуле неіснуючая. У выніку судовыя працэсы працягваюцца хвілінаў 15. Многія ўладальнікі тавараў на суму ў 100 тысячаў эўра ўвогуле даведваююца пра суды постфактум.

Tым часам, – піша газэта, – расейскі транзыт празь Беларусь зьнізіўся на 30%. Ня так даўно сваю скаргу ў Міжнародны зьвяз перавозчыкаў накіравала Польшча, абвінаваціўшы Менск у парушэньні мытных канвенцыяў. Падобнымі скаргамі пагражаюць беларускаму кіраўніцтву Расея, Казахстан, Літва і Латвія. Як рэзюмуе “Frankfurter Allgemeine”, новая суседка ЭЗ – Беларусь паступова становіцца чорнай прорвай, у якой зьнікаюць ня толькі людзі, але і тавары.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG