Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСОЛЬСТВА ЗША Ў БЕЛАРУСІ ЗРАБІЛА ПАДАРУНАК БЕРАСЬЦЕЙСКАЙ АБЛАСНОЙ БІБЛІЯТЭЦЫ


Алег Супрунюк, Берасьце

Ад сёньняшняга дня ў галоўнай бібліятэцы Берасьцейшчыны ёсьць свой амэрыканскі куток. Ягонае стварэньне сталася магчымым дзякуючы ініцыятыве пасольства ЗША ў Беларусі, якое падаравала кампутары, відэатэхніку, кнігі ды іншую друкаваную прадукцыю. Урычыў падарунак, які ацэнены ў 9 тысячаў даляраў, амбасадар Злучайных Штатаў Амэрыкі Джордж Крол. Ён патлумачыў, чаму пасольства ЗША вырашыла такім чынам заахвоціць наведнікаў берасьцейскай бібіліятэкі.

(Крол:) “Лепшая інвэстыцыя – гэта інвэстыцыя ў чалавечы патэнцыял. Я абсалютна ўпэўнены, што дывідэнды ад гэтай невялікай інвэстыцыі ў шматкратным памеры вернуцца гэтаму гораду і гэтай краіне”.

Пра іншыя інвэстыцыі – у эканамічнае разьвіцьцё берасьцейскага рэгіёну – ішла гаворка на сустрэчы Джорджа Крола са старшынём Берасьцейскага аблвыканкаму Васілём Даўгалёвым. Аднак адказваючы на пытаньне журналістаў спадар Крол даволі стрымана ацэньваў пэрспэктывы прытоку амэрыканскага капіталу ў эканоміку Беларусі ў бліжэйшы час.

Амбасадара ЗША цікавіла таксама грамадзкае і палітычнае жыцьцё на Берасьцейшчыне напярэдадні парлямэнцкіх выбараў. Пра гэта ён размаўляў ня толькі з кіраўніцтвам мясцовай вэртыкалі, але і з апазыцыйнымі палітыкамі. Вось як падсумаваў вынікі такой сустрэчы лідэр берасьцейскай арганізацыі сацыял-дэмакратычнай партыі Народная Грамада Анатоль Ляўковіч.

(Ляўковіч: ) “Спадар Крол вельмі добра разумее палітычную сытуацыю ў Беларусі. Прыемна і тое, што ён хоча атрымоўваць інфармацыю пра Беларусь ня толькі ад уладаў, але і ад прадстаўнікоў апазыцыі. Гэта асабліва важна напярэдадні выбарчай кампаніі, калі ўзмацняецца ціск на апанэнтаў рэжыму і тых, хто зьбіраецца ўдзельнічаць у гэтых выбарах”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG