У Менск зьехаліся лідэры прадпрымальнікаў Менску, Салігорску, Маладэчна, Барысава, Жодзіна, Воршы, Наваполацку, іншых рэгіёнаў краіны. Падставай для нарады, паводле іх тлумачэньня, стала надзвычайная сытуацыя ў Віцебску, дзе тры дзясяткі мясцовых бізнэсоўцаў трымаюць галадоўку. Лідэры ўхвалілі ініцыятыву пра стварэньне адмысловага прадпрымальніцкага штабу дзеля арганізацыі акцыяў пратэсту. Старшынём штабу абраны кіраўнік прадпрымальніцкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка. Паводле яго, штаб у чацьвер прыняў і першыя рашэньні:
(Шумчанка: ) “12 лютага будзе праведзены агульнанацыянальны аднадзённы страйк прадпрымальнікаў Беларусі. Першым патрабаваньнем будзе задавальненьне патрабаваньняў віцебскіх галадоўнікаў. І асабліва ў той частцы, якая тычыцца адказнасьці чыноўнікаў, што справакавалі галадоўку. Гэта чыноўнікі Яравікоў, Ляўковіч і Юрчык”.
Штаб прыняў таксама рашэньне правесьці да 20 лютага перамовы з уладамі ў пытаньнях, якія выклікаюць масавае незадавальненьне беларускіх бізнэсоўцаў. У прыватнасьці, прадпрымальнікі настойваюць на адмене прынятай у сьнежні мінулага году пастановы Савету Міністраў пра новыя правілы гандлю на рынках Беларусі, якая, на думку прадпрымальнікаў, прывядзе да зьнішчэньня ў краіне рынкаў. І калі гэтае патрабаваньне ня будзе задаволенае, то штаб мае намер абвесьціць з 1 сакавіка агульнанацыянальны прадпрымальніцкі страйк зь нявыплатай дзяржаве падаткаў ды іншых плацяжоў.