Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ АДМЯНІЛІ ВІЗЫТ ІРАНСКАГА МІНІСТРА ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ У МЕНСК?


Валер Каліноўскі, Менск

Міністар замежных справаў Ірану Камаль Харазі адмяніў візыт у Менск у апошні момант. Учора ён быў у Кіеве, дзе правёў перамовы з усім кіраўніцтвам Украіны: прэзыдэнтам, кіраўніком ураду, старшынём парлямэнту, міністрам замежных справаў.

Яшчэ на мінулым тыдні Міністэрства замежных справаў Беларусі афіцыйна паведамляла, што першым пунктам візыту іранскага міністра ў Менск маюць быць перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам. Аднак пазьней гэтыя перамовы былі скасаваныя, бо беларускі кіраўнік усё яшчэ адпачывае на горным курорце ў Аўстрыі.

У амбасадзе Ірану пазьбягаюць дэтальных камэнтароў наконт рашэньня аб скасаваньні візыту спадара Харазі ў Беларусь.

(Супрацоўніца амбасады: ) “Візыт адкладзены, прычыны — чыста тэхнічныя. 11 лютага будзе прэсавая канфэрэнцыя, прысьвечаная 25-й гадавіне ісьлямскай рэвалюцыі, там спадар амбасадар больш падрабязна раскажа”, — сказала супрацоўніца іранскай амбасады ў Менску.

У МЗС Беларусі таксама настойваюць, што ніякай палітычнай прычыны няма. Гаворыць прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных:

(Савіных: ) “Візыт перанесены з ініцыятывы іранскага боку на больш позьнія тэрміны — з тэхнічных прычынаў”.

Ні спадар Савіных, ні супрацоўнікі амбасады не змаглі патлумачыць сутнасьці тэхнічных прычынаў. Тым ня менш, у МЗС Беларусі спадзяюцца, што гэта не паўплывае на плянаваны візыт у Менск прэзыдэнта Ірану Махамада Хатамі, які чакаецца сёлета. Пра гэты візыт ідзе гаворка ўжо больш за год, але ён увесь час адкладваецца.

Былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў наўпрост зьвязвае рашэньне іранскага боку з тым, што была адмененая сустрэча з А.Лукашэнкам, але іранскі бок дыпляматычна пра гэта прамаўчыць, — упэўнены спадар Саньнікаў:

(Саньнікаў: ) “Калі было ў праграме, што будзе сустрэча з Лукашэнкам, а потым яе адмяняюць, то гэта пэўная абраза госьця. Акрамя таго, яны ж ведаюць, што калі ёсьць нейкія пытаньні, то іх тут можна вырашаць толькі з Лукашэнкам, бо ён тут усім кіруе”.

Андрэй Саньнікаў лічыць, што візыт іранскага прэзыдэнта Хатамі ў Беларусь таксама можа быць надоўга адкладзены.

(Саньнікаў: ) “Па-першае, там у Іране сытуацыя вельмі складаная, вядома, што Хатамі займае больш канструктыўную пазыцыю ў гэтым парлямэнцкім крызысе, можна сказаць, нават выступае супарць вартавых ісьлямскай рэвалюцыі, і таму ня думаю, што яму было бы карысна ехаць сустракацца з кіраўніком краіны, якая зьнішчыла парлямэнт. Нават Іран можа мець пэўныя сумненьні наконт карысьці такіх сустрэчаў”, — зазначыў былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG