Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПА-ЗА ТАКТАМ. МАРЫНА МУЛЯВІНА: СЛОВА ПРА БАЦЬКУ


Зьміцер Падбярэскі, Менск

Днямі значна абноўлены склад ансамблю ўпершыню даў у Менску вялікі публічны канцэрт, пасьля якога Марына Ўладзімераўна дала згоду адказаць на пытаньні вашага карэспандэнта. Гутарка адбывалася на рэпэтыцыйнай базе ансамблю.

Спадарыня Марына! Ці доўга вы вагаліся, перш чым пагадзіцца заняць пасаду намесьніка дырэктара калектыву і што было вызначальным момантам?”

(Марына Мулявіна: ) “Я, канечне, ніколі ня думала, што магу быць намесьнікам дырэктара гэтага калектыву. Што мяне падштурхнула да гэтага? Напэўна, тая творчасьць, якую я назірала апошнім часам на сцэне, якая фактычна амаль аніяк не належала бацьку, была вельмі далёкай ад таго, што пісаў і ствараў бацька. Пасьля ягонай сьмерці я глядзела выступленьне калектыву — гэта фанаграмы з голасам бацькі… Гэта было ганебна”.

(Падбярэскі: ) “Якія першыя крокі дзеля аднаўленьня калектыву былі для вас найбольш складаныя?”

(Мулявіна: ) “Паколькі творчасьцю займаецца Вячаслаў Шарапаў, я займалася касьцюмамі. Новы калектыў — гэта малады калектыў, і мы не павінны былі апранаць тых касьцюмаў, у якіх былі хлопцы дагэтуль. Доўгія фракі песьняроўскія — гэта ўжо такія мэтры павінны апранаць, а гэта — маладосьць. Гэта вось уваходзіла ў мае абавязкі. Ну, і бачыце, што тут робіцца… Трэба было вырашаць пытаньні рамонту. Першыя дні, месяцы гэта я і вырашала, пакуль не ўзялі спэцыяліста”.

(Падбярэскі: ) “Наколькі я разумею, кола вашых абавязкаў ахоплівае агульныя пытаньні забесьпячэньня дзейнасьці калектыву, у тым ліку ў пэўнай меры і творчыя. Ці задаволеная вы тым, у якім стане знаходзіцца сёньня ансамбль “Песьняры”?”

(Мулявіна: ) “У творчым сэнсе я вельмі задаволеная, мне падабаецца ўсё, што робіцца. Канечне, я не задаволеная тым, што засталося, што мы атрымалі ў спадчыну. Трэба вырашаць вельмі глябальныя, сур’ёзныя пытаньні — і наконт будаўніцтва, і наконт гандлёвай маркі. Іх шмат назьбіралася. Клімат вельмі добры, здаровы. Калектыў жыве адной сям’ёй. Такая моцная, згуртаваная сям’я. Наогул, гэта ўсё залежыць ад людзей. І хлопчыкі, якія прыйшлі, ня лічачы таго, што яны па-сапраўднаму таленавітыя, той багаж, які яны атрымалі, ён вельмі цяжкі, гэта калясальны абавязак. Дык вось, ставяцца яны да гэтага вельмі сур’ёзна”.

(Падбярэскі: ) “Зразумела, што ніякай гаворкі пра капіяваньне таго, чым былі “Песьняры” раней, сёньня не ідзе. Але ж якія стратэгічныя мэты ставіць калектыў?”

(Мулявіна: ) “Гэта, канечне, адраджэньне той творчай спадчыны Ўладзімера Георгіевіча, адраджэньне з новымі аранжыроўкамі, падачай. Узьняць дух “Песьняроў” 1970–80-х гадоў”.

(Падбярэскі: ) “Вядома, што Леанід Барткевіч зарэгістраваў у Расеі гандлёвую марку “Песьняры”. Як вы можаце пракамэнтаваць гэты факт?”

(Мулявіна: ) “Ой, тут я нават ня ведаю, як я магу пракамэнтаваць… Таму што пытаньне гэтае яшчэ вырашаецца, у нас ёсьць юрыст, які мог бы больш дакладна адказаць на гэтае пытаньне”.

(Падбярэскі: ) “Ці маеце вы якое дачыненьне да комплексу мерапрыемстваў ушанаваньня памяці Ўладзімера Мулявіна, абвешчаных год таму дзяржавай?”

(Мулявіна: ) “Так, удзельнічаю. Я дапамагала Ўладзімеру Скараходаву архіўнымі матэрыяламі, якія маю дома, і Людміле Крушынскай, якая займаецца кнігай, прысьвечанай бацьку, я таксама дапамагала. Вось цяпер канцэрт 25 студзеня прайшоў памяці бацькі, я непасрэдна ўдзельнічала ў ягонай падрыхтоўцы як дырэктар канцэрту”.

(Падбярэскі: ) “Частка пунктаў з таго, што было акрэсьлена год таму, ужо выканана. Што, на вашую асабістую думку, варта было б зрабіць яшчэ?”

(Мулявіна: ) “Стаіць пытаньне з помнікам, эскіз якога зацьвердзілі. Ні я, ні Сьвятлана Аляксандраўна, наогул ніхто зь сям’і не задаволены. Гэтая перакуленая гітара… у цэбары… Гэта дыскі. Таму што анталёгія павінна быць і мець жыцьцё, прычым анталёгія, якая была выдадзеная ў Маскве гадоў зь дзесяць таму, была складзеная вельмі няправільна, гучаньне было дужа дрэннае. А вось гэтыя дыскі, калі іх выдадуць, будуць ужо добрай памяцьцю. Плянавалася стыпэндыю заснаваць ва Ўніверсытэце культуры, але я ня ведаю, як з гэтым”.

(Падбярэскі: ) “Яшчэ плянавалася адну з вуліцаў Менску назваць імем Уладзімера Георгіевіча…”

(Мулявіна: ) “Так, плянавалася назваць адну з вуліцаў, перайменаваць бульвар Луначарскага, казалі пра паркавую скульптуру, аднак пакуль гэтае пытаньне павісла, наколькі мне вядома. Хоць гэта было б вельмі добра. Бацька больш за 40 гадоў аддаў філярмоніі. Я думаю, што тая ж мэмарыяльная дошка, якую плянуюць усталяваць на доме па вуліцы Бяды, была б больш дарэчы на будынку філярмоніі”.

(Падбярэскі: ) “Ці праўда тое, што пры вашым удзеле ўдалося вырашыць адно з найбольш складаных пытаньняў — а менавіта: пытаньне, зьвязанае з аўтарскімі правамі на творчую спадчыну вашага бацькі?”

(Мулявіна: ) “Гэтае пытаньне вырашанае. Сьвятлана Аляксандраўна, я і Вольга лічацца цяпер спадчыньніцамі аўтарскіх правоў. Так што гэтае пытаньне закрытае”.

(Падбярэскі: ) “Маецца інфармацыя, што па Ўладзімеру Георгіевічу засталася значная перапіска. У вас няма жаданьня аформіць яе, уласныя ўспаміны ў выглядзе асобнай кнігі?”

(Мулявіна: ) “Пакуль сур’ёзна над гэтым пытаньнем я не разважала, хаця ў мяне маецца перапіска бацькоў. Гэта 1964–66 гады. Я думаю, патрэбны проста час, для гэтага трэба сасьпець”.

(Падбярэскі: ) “А вось лісты, скажам, ад іншых вядомых музыкантаў, кампазытараў? Гэта маецца ў архівах?”

(Мулявіна: ) “У мяне вельмі маленькая частка, у Сьвятланы Аляксандраўны больш. Думаю, што з часам гэта павінна быць надрукавана, і музэй будзе стварацца. Нейкія архіўныя матэрыялы ўжо і яна, і я зьбіраем, каб ужо пачаць займацца музэем. Гэта і касьцюмы бацькі, якія засталіся, трэба даводзіць да ладу, і гітары. Міністэрства культуры сказала, што музэй заплянавана разьмесьціць у філярмоніі, у тых пакоях, дзе раней былі “Песьняры”, аднак я лічу, што частачка нейкіх архіваў павінна быць тут, на студыі, таму што безь ягонай прысутнасьці гэты дом немагчымы”.

(Падбярэскі: ) “Ці дастатковая, на вашу думку, тая падтрымка, якую вы асабіста маеце з боку дзяржавы і асобных людзей, у справе зьберажэньня таго, што далі сьвету Ўладзімер Мулявін і “Песьняры”?

(Мулявіна: ) “Канечне, дапамога ёсьць, аднак хацелася б большай. Таму што гэты будынак, лічу, што статус ягоны сёньня зьмяніўся. І “Песьняры” — гэта гордасьць краіны, набытак яе, таму зь яго трэба рабіць ня проста нейкую местачковую студыю, гэта павінен быць маналіт. Пакуль гэтае пытаньне адкрытае. Думаю, што людзі выдатна разумеюць, многія жадаюць дапамагчы, таму, спадзяюся, і ўрад, і Міністэрства культуры нас падтрымаюць”.

(Падбярэскі: ) “Якая, цікава, зь песень са спадчыны “Песьняроў” найбольш часта прыходзіць вам на памяць і чаму?”

(Мулявіна: ) “Напэўна, гэта “Завушніцы”. Гэта зьвязана непасрэдна з бацькамі. Неяк бацька падарыў маці гэтыя завушніцы, а потым і песьню напісаў. Вось такая сямейнай рэліквія атрымалася, якую я і бачу і чую”.

(Падбярэскі: ) “Вялікі дзякуй вам, спадарыня Марына, за гутарку. Выкажу спадзяваньне на тое, што ўсе вашыя адміністрацыйныя, творчыя задумы, асабістыя спадзяваньні будуць годна ўвасобленыя, і мы яшчэ сустрэнемся, у нас будзе нагода пагаварыць”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG