Пра тое, што ў архіве Васіля Быкава ёсьць недрукаваныя творы, сябры камісіі творчай спадчыны пісьменьніка гаварылі адразу пасьля знаёмства з архіўнымі рукапісамі. Але сьвежы нумар “Дзеяслова” засьведчыў, што ў архіве захоўваюцца ня ўсе недрукаваныя творы Быкава. Датаю напісаньня надрукаванай у сёмым нумары часопісу невядомай раней аповесьці “Афганец” пазначаны 1998 год. Увесь гэты час твор перахоўваўся ў даверанай асобы пісьменьніка. Мы спыталіся ва ўдавы Быкава Ірыны Міхайлаўны, чаму Васіль Уладзімеравіч не надрукаваў гэтага твору адразу пасьля напісаньня, а перадаў яго на захаваньне. Спадарыня Быкава сказала:
(Быкава: ) “Чакаў лепшага часу. Ён і цяпер ня лепшы, але цяпер яму нічога таго ўжо… Гэта была яго асабістая справа”.
Ірына Міхайлаўна параіла зьвярнуцца з гэтымі пытаньнямі да чалавека, якому пісьменік вясною 1998 году перад тым, як змушаны быў зьехаць за мяжу, аддаў аповесьць на захаваньне. Гэта вядомы літаратуразнаўца Міхась Тычына. Вось што ён сказаў:
(Тычына: ) “Васіль Уладзімеравіч, калі гаворка ідзе пра яго самога, то ён нешматслоўны чалавек быў. Ён проста коратка, ляканічна сказаў, што пакуль гэту рэч ня час публікаваць, спадзяюся, што прыйдзе гэты час — і тады апублікуем”.
Потым падчас ліставаньня ці тэлефонных размоваў зь Міхасём Тычынам Васіль Быкаў пацьвярджаў, што друкаваць “Час ш.” ( так яны называлі гэты твор між сабою) пара яшчэ не настала. Тры гады таму Міхась Тычына пачаў падрыхтоўчую працу над прадмоваю да васьмітомнага збору твораў Быкава.
(Тычына: ) “Тады, калі зайшла гаворка пра выданьне яго васьмітомніка, у адным са сьпісаў аднекуль зьявілася назва “Афганец”. Я па назьве здагадаўся, што гаворка ідзе пра менавіта гэтую рэч, якая на самой справе ( і першую назву яе з часам трэба будзе вярнуць) — “Час шакалаў”.
Паводле аўтарскага пляну, “Афганец” мусіў быць надрукаваны ў адным з апошніх тамоў васьмітомніка. Выдавецтва “Мастацкая літаратура” аднак так і не распачало гэтага выданьня, таму спадар Тычына і спадарыня Быкава вырашылі аддаць аповесьць у часопіс “Дзеяслоў”.
А вось як Міхась Тычына характарызуе новую надрукаваную аповесьць Васіля Быкава:
(Тычына: ) “Гэта своеасаблівая прыпавесьць, у якой шмат і сымболікі, і алегорыі, і нейкіх алюзіяў на тое, што адбываецца ў сучаснасьці з намі ўсімі і з героем Васіля Быкава. У мяне такое ўяўленьне, што дзіўная наша натура беларуская, як яна мяняецца лёгка. Мяняючы плюс на мінус, адмоўнае на пазытыўнае і пазытыўнае на нэгатыўнае, ну тое, што адбываецца і з пэрсанажам гэтага твору… Мне здаецца, што Быкаў тут вельмі чуйна ўспрыняў нашу беларускую натуру, ён пра гэта, мусіць, асабліва ўважліва думаў у апошнія гады жыцьця: што ж гэта за чалавек такі, беларус. Тут ён быў блізкі да нейкае разгадкі”.
Вядомы літаратуразнаўца доктар філялёгіі Міхась Тычына таксама сказаў, што не выключае зьяўленьня ў будучым новых, невядомых раней твораў Васіля Быкава.