Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СТРАСБУРЫ ПРАЦЯГВАЕЦЦА СЭСІЯ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ РАДЫ ЭЎРОПЫ


Аляксей Дзікавіцкі, Страсбур

У часе паседжаньня падкамітэту ПАРЭ ў справах Беларусі дэпутаты выслухалі прамову аўтара справаздачы ў справах зьніклых палітычных і грамадзкіх дзеячоў Хрыстаса Пургурыдэса. Паводле старшыні камітэту, літоўскага парлямэнтара Ёнаса Чэколіса, атрабаваньні ПАРЭ да парлямэнту Беларусі застаюцца ранейшымі: стварыць камісію, якая дасьледавала б лёз зьніклых, прыняць дэмакратычны закон аб СМІ, а таксамма больш актыўна браць удзел у палітычным дыялёгу ўнутры Беларусі, а гэты дыялёг, на думку сп. Чэколіса, у Беларусі ўвогуле адсутнічае:

(Чэколіс: ) "Дыялёг не накіраваны супраць кагосьці. Усе выйграюць ад таго, больш міру, больш спакою, больш разуменьня ўнутры краіны. І вось на гэта мы заўжды зьвяртаем увагу".

Сп. Чэколі выказаў таксамма зьдзіўленьне з таго, што на паседжаньне ПАРЭ не прыехалі прадстаўнікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Крыху раней Яраслаў Раманчук, прадстаўнік народнай кааліцыі "5+", сустрэўся з генэральным сакратаром ПАРЭ Бруна Галерам, які ёсьць асобай, вельмі дасьведчанай у беларускіх падзеях. Гаворыць Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) “Мы абмеркавалі зь ім пытаньне аб тым, як на наступным пленарным паседжаньні ПАРЭ зрабіць прысутнасьць Беларусі больш колькаснай. Я думаю, што на наступную сэсію будуць запрошаныя прынамсі пяць чалавек, якія ў стане будуць паразмаўляць з прадстаўнікамі ўсіх камітэтаў, палітычных груп, каб рэзалюцыя, якая будзе прынятая, была больш аб'ектыўнай і спрыяльнай для дэмакратызацыі Беларусі".

Паводле сп. Раманчука, генэральны сакратар ПАРЭ вітаў аб'яднаньне беларускай апазыцыі ў перадвыбарчыя кааліцыі.

У Страсбур сёньня прыехаў віцэ-сьпікер расейскай Дзярждумы Дзьмітры Рагозін, які ў часе прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што гэтым разам ацэнкі вынікаў і дэмакратычнасьці будучых парлямэнцкіх выбараў у Беларусі Расеяй ня будуць адрозьнівацца ад ацэнак Захаду. Рагозін сказаў радыё "Свабода", што ня ведае, хто ў гэтых выбарах пераможа:

(Рагозін: ) "Цяпер ёсьць вялікая доля скепсысу і ў мяне асабіста, і ў маіх калег, і што да пэрспэктываў далейшага збліжэньня Расеі і Рэспублікі Беларусь, і вялікі скепсыс ў дачыненьні да таго, “чыя возьме”.

Заўтра апоўдні распачнецца паседжаньне бюро ПАРЭ, якое павінна ў тым ліку вырашыць і пытаньне, вяртаць Нацыянальнаму сходу Беларусі статус адмыслова запрошанага ў гэтай арганізацыі ці не. Амаль ніхто не сумняецца, што статус вернуты ня будзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG