Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЫТУАЦЫЯ З ПАСТАЎКАМІ ГАЗУ Ў БЕЛАРУСЬ ПАСЬЛЯ 29 СТУДЗЕНЯ ЗАСТАЕЦЦА НЯПЭЎНАЙ


Валер Каліноўскі, Менск

Генэральны дырэктар “Белтрансгазу” Пётар Пётух, вярнуўшыся пасьля некалькіх дзён перамоваў з кіраўніком РАТ “Газпром” Аляксеем Мілерам, сёньня ў прэзыдэнцкай адміністрацыі праводзіў узгадненьні дэталяў беларускай пазыцыі ў спрэчцы з “Газпромам”. Адзіная фраза, якую спадар Пётух прасіў перадаць для беларускай прэсы, гучала так: “Перамоўны працэс працягваецца”. Калі ён скончыцца, у “Белтрансгазе” прагназаваць не бяруцца, як няма пэўнага адказу і на пытаньне, што будзе пасьля 29 студзеня, калі скончыцца тэрмін дадатковых кантрактаў на пастаўку газу ў Беларусь незалежнымі кампаніямі “Ітэра” і “Транснафта”. Калі адновяцца перамовы з “Газпромам”, прэсавы сакратар “Белтрансгазу” Таіса Бародзіч таксама паведаміць не змагла.

У “Газпроме” паведамляюць, што беларускі бок пагаджаецца на пэўныя саступкі, праўда, там ня лічаць іх дастатковымі. Бакі імкнуцца не агалошваць падрабязнасьцяў да канца перамоўнага працэсу. Аднак стала вядома, што спрэчнай застаецца ня толькі цана на газ, але і тарыфы на транзыт расейскага газу празь Беларусь: “Газпром” настойвае, каб яны складалі 16 расейскіх рублёў, гэта каля 60 амэрыканскіх цэнтаў за перапампоўваньне тысячы кубамэтраў на 100 кілямэтраў. Беларускі бок хоча падвысіць кошт транзыту да “ўкраінскага” ўзроўню — 1 даляр 9 цэнтаў.

Між тым, некаторыя жыхары Менску ўжо адчулі, што ў кватэрах прыкметна пахаладала. Камунальныя службы тлумачаць гэта не эканоміяй энэргарэсурсаў, а тэхнічнымі праблемамі. Прадпрыемствы пакуль плацяць за газ паводле папярэдніх коштаў.

Як паведаміў "Свабодзе" кіраўнік аб’яднаньня “Гомельшкло” Ўладзімер Башарымаў, цяпер ягонае прадпрыемства плаціць за газ 54 даляры, гэта яшчэ прымальна. Будуючы вытворчыя пляны на бягучы год, на прадпрыемстве ўлічвалі 20-адсоткавае падвышэньне кошту на газ — да 65 даляраў. Як гэта адаб’ецца на вытворчым працэсе, гаворыць Уладзімер Башарымаў:

(Башарымаў: ) “Я думаю, канечне, рэнтабэльнасьць крыху паменшыцца, але нічога страшнага… Думаю, што гэта яшчэ ня так страшна”.

Уладзімер Башарымаў кажа, што калі аптовы кошт газу, які паступае з Расеі, усё ж падвысіцца да 50 даляраў за тысячу кубамэтраў, на чым настойвае “Газпром”, то ім давядзецца купляць газ за 70 даляраў. Гэта будзе складаней, але “Гомельшкло” выцягне, паколькі прадпрыемства працуе дастаткова рэнтабэльна, кажа спадар Башарымаў. Іншым прадпрыемствам можа быць цяжэй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG