Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯРГЕЙ АТРОШЧАНКА ПАТРАБУЕ З “НАРОДНАЙ ВОЛІ” 100 МІЛЬЁНАЎ РУБЛЁЎ


Ганна Соусь, Менск

Падставай для звароту ў суд сталі два артыкулы, надрукаваныя мінулай восеньню ў “Народнай волі”. Адзін зь іх (“Якому бізнэсу ў Беларусі добра?”) зьмяшчаў камэнтары бізнэсоўцаў на выказваньне Сяргея Атрошчанкі аб тым, што у Беларусі нібыта “выдатныя ўмовы для бізнэсу”. Гэтае цьверджаньне прагучала ў той час, калі заснавальнік газэты “Обозреватель”, а таксама ўладальнік фірмы вырабу бялізны “Серж” заяўляў пра намер набыць брытанскае выданьне “Daily Telegraph”.

Камэнтары дэпутата Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Андрэя Клімава, старшыні грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоля Шумчанкі й эканаміста Леаніда Заікі Сяргей Атрошчанка палічыў непраўдзівымі й абражальнымі. Ён патрабуе надрукаваць абвяржэньне й спагнаць з “Народнай волі” 50 мільёнаў рублёў. Гэткую ж суму Сяргей Атрошчанка патрабуе ў якасьці матэрыяльнай кампэнсацыі за другую публікацыю “Как “Обозреватель” Сергея Атрощенко по-бандитски обошелся с Леонидом Левиным”. Назву артыкулу, а таксама некалькі фразаў зь яго ён просіць суд прызнаць зьневажальнымі й патрабуе ад “Народнай волі” прабачэньняў і матэрыяльнай кампэнсацыі на 50 мільёнаў рублёў.

Гэта ўжо ня першая прэтэнзія Сяргея Атрошчанкі да “Народнай волі”. Летась бізнэсовец зарэгістраваў гандлёвую марку “Народная воля” і зьвярнуўся ў пракуратуру, патрабуючы спыніць выпуск газэты. Кіраўнік Цэнтру прававой дапамогі СМІ Беларускай Асацыяцыі журналістаў Міхаіл Пастухоў лічыць гэта невыпадковым.

(Пастухоў: ) “Гэтыя два пазовы ня маюць пад сабой якіх-небудзь сур’ёзных падставаў. Тут фактычна ідзе барацьба Атрошчанкі, за якім адчуваецца пэўная падтрымка, і рэдакцыі “Народнай волі”. Нават гандлёвая марка, якую зарэгістраваў Атрошчанка, дае падставы так меркаваць. “Народная воля” падала свае пярэчаньні ў апэляцыйную раду Нацыянальнага цэнтру інтэлектуальнай уласнасьці супраць таго, што Атрошчанка зарэгістраваў марку вядомай у краіне газэты. І цяпер у дадатак да таго, што неўзабаве “Народнай волі” давядзецца плаціць грошы паводле пазову Рыбакова, прыкладна 25 тысяч даляраў, дадаюцца яшчэ два пазовы па 50 мільёнаў беларускіх рублёў”.

Паводле Міхаіла Пастухова, Беларуская асацыяцыя журналістаў будзе аказваць “Народнай волі” юрыдычную дапамогу.

30 студзеня ў судзе Ленінскага раёну адбудзецца першая сустрэча бакоў у гэтай справе. Да гэтага часу галоўны рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч не бярэцца камэнтаваць сытуацыю. У газэце “Обозреватель” Радыё Свабода патлумачылі, што Сяргей Атрошчанка зрэдку бывае ў рэдакцыі, а зьвязацца зь ім іншым чынам цяпер немагчыма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG