У пазове ўправы юстыцыі Менгарвыканкаму сьцьвярджаецца, што за 2003 год Незалежнае таварыства прававых дасьледаваньняў некалькі разоў абараняла ў судах інтарэсы іншых грамадзкіх аб’яднаньняў. У прыватнасьці, гарадзенскай арганізацыі “Ратуша”, смаргонскага Дому правоў чалавека і віцебскага цэнтру моладзевых ініцыятываў “Контур”. На думку чыноўнікаў, рабіць гэта сябры таварыства ня мелі права. Бо, паводле заканадаўства, прадстаўнікі грамадзкай арганізацыі могуць прадстаўляць у судзе толькі інтарэсы сваіх сяброў.
Да ўсяго, таварыства зарэгістраванае як менская гарадзкая арганізацыя, і таму, на думку ўправы юстыцыі, ня мела права дзейнічаць на тэрыторыі іншых абласьцей.
Старшыня таварыства Алена Танкачова прывяла такія контараргумэнты:
(Танкачова: ) “Мы маем поўнае права ў адпаведнасьці з заканадаўствам і статутам выказваць думку грамадзкасьці ў судах, што мы і рабілі ад пачатку сваёй дзейнасьці, з 1996 году. А паколькі бокам у гэтых працэсах заўсёды былі альбо ўправы юстыцыі, альбо Міністэрства юстыцыі, яны аб гэтай нашай працы ведалі добра. І да мінулага лета нам за гэтую працу ніхто не спрабаваў выстаўляць ніякіх прэтэнзіяў. Сёлета нас вырашылі проста зьнішчыць. І таму вырашылі выкарыстаць гэта ў якасьці прававога мэханізму”.
Спадарыня Танкачова і яе калегі пераконвалі суд, што актывісты таварыства не прадстаўлялі ў судах нічыіх інтарэсаў, а выступалі там як прадстаўнікі грамадзкасьці й неангажаваныя спэцыялісты, што не забаронена законам і статутам арганізацыі. Пачатак жа працэсу Алена Танкачова ацаніла так:
(Танкачова: ) “Пачатак працэсу абсалютна канструктыўны. Судзьдзя выключна дакладна расставіла на самым пачатку акцэнты. Яна сказала, што падставай для ліквідацыі можа быць толькі паўторнасьць парушэньняў. І ўказала, што ў пазове ёсьць толькі адна падстава паўторнасьці — гэта наш удзел у судах. І калі паводле вынікаў разгляду справы судзьдзя застанецца на гэтай пазыцыі, то я лічу, што гэта выключна якасная прававая пазыцыя”.
Рашэньне Менскага гарсуду ў гэтай справе будзе прынятае ў найбліжэйшыя дні.