Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ПАГРАЖАЕ БЕЛАРУСАМ КУРЫНЫ ГРЫП?


Сьвятлана Курс, Менск

Свой Месяцовы Новы год віетнамцы сустрэнуць без традыцыйнага кураняці пад соўсам: птушыны грып пракаціўся па ўсіх правінцыях, выкасіўшы некалькі мільёнаў птушак. Ад птушак заразілася каля 30 чалавек, 15 зь якіх памерлі.

Упершыню птушыны грып быў выяўлены ў 1997 годзе, калі сканалі шасьцёра чалавек і некалькі мільёнаў курэй. У чалавека хвароба праяўляецца падвышанай тэмпэратурай, смагай ды няспынным кашлем. Сёлетняя эпідэмія распачалася ў Паўднёвай Карэі, распаўсюдзілася ў Японіі, на Тайвані, у Ляосе, іншых краінах Паўднёва-Ўсходняй Азіі, дзе існуе традыцыя продажу жывых курэй на кірмашах і вырошчваньня іх сумесна з гусямі й качкамі. Гэта, на думку загадчыцы Нацыянальнай лябараторыі па хваробе птушак Тацяны Горскай, спрыяе мадыфікацыі ды распаўсюду птушынага грыпу.

(Горская: ) “У нас на птушкафабрыках усіх трымаюць паасобна: гусей, качак, нясушак і бройлераў. Курыны грып у Беларусі не рэгістраваўся ніколі”.

У апараце галоўнага санітарнага лекара Беларусі адмаўляюць небясьпеку. Беларусь не завозіць птушкапрадуктаў з Азіі. Паводле навукоўцаў, хвароба перадаецца людзям толькі ад хворых птушак, перадача ад чалавека чалавеку пакуль не зафіксаваная.

Алена Фісенка, загадчыца аддзелу Менскага цэнтру эпідэміялёгіі й гігіены:

(Фісенка: ) “Спэцыялісты ўсясьветнай арганізацыі здароўя не зафіксавалі ніводнага выпадку перадачы грыпу ад чалавека да чалавека. Калі хворы на птушыны грып і патрапіць у Беларусь, ад яго ніхто не заразіцца. Калі вірус генэтычна зьмяняецца, ён усё адно перадаецца да чалавека толькі ад птушкі”.

Беларусаў бароніць ад многіх вірусаў неспрыяльны клімат:

(Фісенка: ) “У асноўным вірусы зьяўляюцца ў краінах з гарачым кліматам і высокай вільготнасьцю. Гэта спрыяльныя фактары для мутацыяў”.

Усясьветная арганізацыя здароўя ўсё ж непакоіцца: пры пэўных мутацыях вірусу ён тэарэтычна можа набыць здольнасьць перадавацца ад чалавека да чалавека. А гэта азначала б небясьпеку мільёнаў ахвяраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG