Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЛАДАФРОНТАЎЦЫ РЫХТУЮЦЬ ШЭСЬЦЕ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Акцыя 14 лютага стала для Маладога Фронту ўжо традыцыйнай: яна будзе праводзіцца ў Менску восьмы раз. У адрозьненьне ад папярэдніх гадоў, сёлета яе мяркуецца праводзіць удзень, а ня ўвечары, і пачаць у цэнтры Менску. Распавядае лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Асноўная мэта — павіншаваць Эўропу з Днём сьвятога Валянціна. З плошчы Свабоды група рушыць да амбасадаў Італіі, Вялікабрытаніі, потым Францыі, Чэхіі, ЗША, Нямеччыны, Польшчы, Швэцыі й Літвы. Гэта будзе спроба правесьці вельмі відовішчную, вельмі яркую і адначасова вельмі мірную маніфэстацыю. У руках маніфэстантаў будуць кветкі, званочкі, на грудзях вялікія бел-чырвона-белыя сэрцы. Усёй гэтай акцыяй мы будзем сьцьвярджаць міралюбнасьць і любоў да Беларусі, любоў да Эўропы. Таму, што “Мы любім Эўропу! Мы любім Беларусь!” Гэта лёзунг сёлетняй акцыі на Дзень сьвятога Валянціна”.

Дыпляматам будуць перадавацца адмысловыя звароты-віншаваньні. Арганізатары ўжо падалі ў гарвыканкам адпаведную заяўку і спадзяюцца, што ўлады дадуць дазвол. Маладафронтаўцы абяцаюць, што ўдзел у шэсьці возьмуць ня больш за 50 чалавек, якія будуць рухацца па ходніках, безь сьцягоў і транспарантаў. Павал Севярынец гаворыць, што калі ўлады не дадуць дазволу, акцыя ўсё роўна пройдзе ў цэнтры Менску.

Нагадаю, што зь сямі папярэдніх акцыяў на Дзень сьвятога Валянціна шэсьць былі забароненыя і заканчваліся масавым затрыманьнем удзельнікаў. І толькі адно шэсьце, у 2000 годзе, было дазволенае ўладамі.

Адначасова зь Менскам маладафронтаўскія сьвяткаваньні 14 лютага ў форме шэсьцяў, пікетаў і вечарынаў пройдуць яшчэ ў трыццаці гарадах Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG