У доме №19 на вуліцы Пятруся Броўкі гаспадыня кватэры, якая толькі што паставіла свой подпіс супраць падвышэньня камунальных плацяжоў, сказала радыё “Свабода”:
(Жанчына: ) “Кепска! Я атрымліваю 130 тысячаў рублёў. 90 тысячаў плачу за кватэру. І дзецям трэба, і за сад трэба плаціць, і, адпраўляючы ў школу, трэба штосьці даць дзецям паесьці”.
Двума паверхамі ніжэй маладая маці таксама жаліцца на неадпаведнасьць даходаў сям`і і розных камунальных плацяжоў:
(Запольская: ) “Запольская Тацяна, 27 гадоў. Проста гэта нерэальныя цэны. Я, напрыклад, у дэкрэтным адпачынку. У мяне двое дзяцей. Для мяне цяжка аплаціць кватэру, садзікі і ўсё іншае. Даводзіцца бегаць у інстанцыі, браць даведкі. Зараз вось буду дамагацца субсыдыі на аплату кватэры. Мы столькі не зарабляем. А за што харчавацца? За што адзявацца? Не кажу ўжо пра тое, каб выехаць зь дзецьмі кудысьці ў санаторый на адпачынак. Гэта нерэальна. Жахліва наагул! А наш прэзыдэнт яшчэ хоча, каб маладое пакаленьне нараджала дзяцей. Для чаго? Галечу пладзіць?!”
Пра непамерна высокія камунальныя плацяжы заяўляюць літаральна ўсе гараджане, улучна з пэнсіянэрамі:
(Пэнсіянэр Міхаіл: ) “Гэта нейкая хцівасьць. У нас яшчэ такога не было, каб столькі рвалі грошай з пэнсіянэраў. Раней я пэнсію атрымліваў, плаціў паслугі і добра жыў. Мог купіць кавалак каўбасы, кавалак мяса, а цяпер не купляю гэтага нічога. За кватэру заплаціў, за сьвятло заплаціў і ўсё, у мяне нічога ня засталося”.
Удзельнік збору подпісаў у горадзе, сябра палітрады Аб`яднанай грамадзянскай партыі Алесь Карніенка зважае на большую зацікаўленасьць людзей камунальнымі праблемамі, чымся рознымі іншымі акцыямі:
(Карніенка: ) “У адрозьненьне ад мінулых розных збораў подпісаў за дэмакратычных кандыдатаў ці яшчэ за кагосьці, подпісаў атрымліваецца на дзесяць шэрагаў болей”.
Аднак, як сьцьвярджаюць зборшчыкі подпісаў, ня ўсе людзі пераадолелі пэўны страх перад уладамі. Гаворыць зборшчыца подпісаў спадарыня Шчыракова:
(Шчыракова: ) “Адсоткаў 80 з тых, хто адчыняе дзьверы, яны падпісваюцца за рэформу жыльлёва-камунальнай гаспадаркі і супраць падвышэньня тарыфаў на камунальныя паслугі. І нават ёсьць такія людзі, што кажуць: “Дзякуй, што вы гэтым займаецеся”. Але ж і багата людзей, якія пытаюцца: “А нас не пасадзяць пасьля гэтага?” альбо “Дайце паглядзець, хто падпісаўся, з кім у адной камеры будзем сядзець”. Насамрэч багата людзей, якія проста баяцца”.