Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАРЫЯ ГАБРЭЙСКІЯ МОГІЛКІ Ў ЧЭРЫКАВЕ ПЕРАЎТВАРАЮЦЦА Ў СЬМЕТНІК


Марыя Ўсьціновіч, Чэрыкаў

(Аркадзь: ) “Гэта габрэйскія могілкі. Чэрыкаву 400 гадоў, і столькі ж могілкам. Вельмі старыя могілкі. Ёсьць і старажытныя помнікі — рэдка, дзе-нідзе засталіся, а так ужо нічога ня бачна”.

Спадар Аркадзь — адзін зь нямногіх габрэяў, якія засталіся ў Чэрыкаве. У большасьці яны людзі сталага ўзросту, і яны вельмі занепакоеныя разбурэньнем габрэйскіх могілак. Некалькі гадоў таму ўлады зьнесьлі стары плот вакол могілак, і яны сталі пераўтварацца ў сьметнік.

(Аркадзь: ) “Дрэнна тое, што сьмецьце выкідаюць мясцовыя жыхары. Адкрылі пасьбу — і кароў, і каней, і коз пасуць. Для нас гэта вельмі дрэнна, канечне. Канечне, гэта крыўдна”.

Пакрыўджаныя габрэі некалькі разоў зьвярталіся ў Чэрыкаўскі райвыканкам з просьбай добраўпарадкаваць могілкі і зрабіць агароджу:

(Спадарыня: ) “Усё абяцаюць і нічога ня робяць. Усе могілкі загароджаныя, толькі нашыя — не. Чаму адрозьненьне такое?”

(Спадарыня: ) “Гэта непавага да габрэяў. Нас тут засталося некалькі чалавек, лічаныя — і тых паважаць ня хочуць”.

Чэрыкаўцы, якія жывуць побач з габрэйскімі могілкамі, гавораць, што гэтае месца сапраўды недагледжанае і гэтым тлумачаць стаўленьне да могілак мясцовых жыхароў.

(Спадар: ) “Жывыя людзі. Каму трэба — вядро бяры, вылівай. Сьмецьце бабка выкідае. Ламаюць, выбіваюць медзь. Такі час цяпер”.

Людзі лічаць, што ўлада павінна паклапаціцца пра належны выгляд габрэйскіх могілак, бо сёньняшняя сытуацыя — гэта непавага да нябожчыкаў і да саміх сябе.

(Спадарыня: ) “Канечне, улада павінна. Гэта ж сьвятое месца. Таму што нябожчыкаў трэба шанаваць”.

(Спадарыня: ) “Мы ўсе людзі. Габрэі, расейцы, беларусы — усе аднолькавыя. Трэба, каб парадак тут навялі. Трэба!”

У Чэрыкаўскім райвыканкаме гавораць, што ва ўсім вінаватая беднасьць. Гэты сельскі раён больш чым на палову датацыйны, і грошай на ўсё не хапае. Вось што гаворыць старшыня райсавету Аляксандар Вітошкін:

(Вітошкін: ) “Мы б і рады, а грошыкаў няма дзе ўзяць. З народу капейкі зьбіраем дзеля таго, каб палепшыць сытуацыю з добраўпарадкаваньнем”.

Аляксандар Вітошкін абяцае, што сёлета ўлада знойдзе грошы, і на габрэйскіх могілках абавязкова навядуць парадак, паставяць мэталічную агароджу. І чэрыкаўскія габрэі спадзяюцца, што на гэты раз улада не забудзецца выканаць абяцанае. На гэтых могілках, дарэчы, ёсьць помнік габрэям, якія былі забітыя ў другую ўсясьветную вайну. І на гэтым помніку, акрамя прозьвішчаў ахвяраў, напісана для нашчадкаў: “Не забудзься!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG