Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАДА ЭЎРОПЫ КРЫТЫКУЕ СПРОБЫ ЎКРАІНСКІХ УЛАДАЎ ЗЬМЯНІЦЬ КАНСТЫТУЦЫЮ КРАІНЫ


Натальля Судлянкова, Прага

Палітычны крызыс ва Ўкраіне пачаўся пры канцы мінулага году, калі бальшыня дэпутатаў парлямэнту падтрымалі зьмены ў праект Канстытуцыі краіны. Паводле гэтых зьменаў, прэзыдэнт краіны будзе абірацца не наўпростым агульным галасаваньнем, а парлямэнтам. Таксама новыя папраўкі ў асноўны закон значна абмяжоўваюць паўнамоцтвы прэзыдэнта і ператвараюць яго ў цырыманіяльную фігуру, якая ня мае значнага ўплыву на разьвіцьцё падзеяў.

Кучма ды ягоныя прыхільнікі сьцьвярджаюць, што такія зьмены лепей адпавядаюць заканадаўству эўрапейскіх краінаў і прынцыпам дэмакратыі.

У сваю чаргу, прадстаўнікі апазыцыі перакананыя. што такім чынам цяперашнія ўлады Ўкраіны фактычна адразаюць ад рэальнага ўплыву іхных прадстаўнікоў напярэдадні маючых адбыцца ў кастрычніку прэзыдэнцкіх выбараў. Фаварытам гэтых выбараў зьяўляецца лідэр найбуйнейшай апазыцыйнай партыі “Наша Ўкраіна” Віктар Юшчанка.

Віктар Юшчанка ўчора заклікаў да правядзеньня масавых акцыяў пратэсту супраць зьменаў у Канстытуцыю. На мінулым тыдні сьпікер украінскага парлямэнту Ўладзімер Літвін мусіў адкласьці правядзеньне сэсіі заканадаўчага органа, таму што апазыцыйныя дэпутаты фактычна заблякавалі паседжаньне. Была зламаная сыстэма электроннага галасаваньня, таму зьмены ў Канстытуцыю прайшлі ў выніку звычайнага галасаваньня. Апазыцыйныя дэпутаты цьвердзяць, што як булетэні, так і вынікі галасаваньня былі сфальсыфікаваныя.

Рада Эўропы накіравала ў Кіеў двух сваіх прадстаўнікоў. Прадстаўнікі Рады Эўропы правялі шэраг сустрэчаў як з уладамі, Канстытуцыйным судом краіны, так і з апазыцыяй. Ганна Сэвэрынсэн, сябра дацкага парлямэнту, заявіла, што вынікі першага галасаваньня ёй падаліся падазронымі. Спн. Сэвэрынсэн цягам сустрэчы з Уладзімерам Літвіным параіла яму паўтарыць галасаваньне ў пытаньні зьменаў у Канстутыцыю. На думку прадстаўнікоў Рады Эўропы, абвінавачаньні ўва ўмяшальніцтве ва ўнутраныя справы Ўкраіны беспадстаўныя. Фактычна Рада Эўропы патрабуе ад Украіны выкананьня абавязаньняў, што выцякаюць зь яе сяброўства ў гэтай арганізацыі.

На пачатку наступнага тыдня на сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы будзе прынятае рашэньне што да парлямэнцкага крызысу ў Кіеве. Нагадаем, што на гэтай сэсіі будзе таксама разглядацца справаздача Хрыстаса Пургурыдэса аб зьніклых у Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG