Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАКУРАТУРА СКАНФІСКАВАЛА АМАЛЬ УВЕСЬ НАКЛАД ЧАСОПІСУ “АСАМБЛЕЯ”


Юры Сьвірко, Менск

Выдаўцы часопісу “Асамблея” паведамілі, што зь Менскай пошты зьнік амаль увесь яго наклад, што дасылаўся ў рэгіёны Беларусі ў заклееных капэртах. Часопіс, які выдаецца выканаўчай радай Асамблеі няўрадавых арганізацыяў, прысьвечаны жыцьцю й дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў Беларусі ды ёсьць адзіным агульнанацыянальным выданьнем гэтага кірунку. Выданьне традыцыйна рассылалася грамадзкім аб’яднаньням у запячатаных капэртах ад імя выдаўцоў-фізычных асобаў.

Выдаўцы “Асамблеі” сьцьвярджаюць, што фактычна парушаная таямніца прыватнай перапіскі, адбылася пэрлюстрацыя ды ажыцьцяўляецца цэнзура паводле палітычных матываў. Юрыст Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Юры Чавусаў наступным чынам тлумачыць тое, што адбылося:

(Чавусаў: ) “Нумар быў прысьвечаны справам удзелу грамадзкіх аб’яднаньняў у выбарах. Шмат аналітычных артыкулаў, прысьвечаных кааліцыям, удзелу грамадзкіх аб’яднаньняў у мясцовых кааліцыях, удзелу грамадзкіх актывістаў у кампаніях. Надзвычай востры атрымаўся нумар, тым больш што там яшчэ й сьпісы пракурораў, судзьдзяў і супрацоўнікаў Мінюсту, якія спрычыніліся да палітычных рэпрэсіяў летась”.

Спадар Чавусаў мяркуе, што супрацоўнікі пракуратуры не захацелі, каб іхныя прозьвішчы былі зафіксаваныя ў гэтым “шэрым сьпісе” тых, хто нясе пэрсанальную адказнасьць за палітычныя рэпрэсіі. Канфіскацыяй накладу справа супраць адпраўшчыкаў ня скончылася.

Я патэлефанаваў Станіславу Новікаву ў Пракуратуру Беларусі, але замест адказу на маё беларускамоўнае пытаньне ён адмовіўся ад камэнтароў па-ангельску.

(Карэспандэнт: ) “Затрыманыя лісты з часопісам “Асамблея”…

(Новікаў: ) “Так…”

(Карэспандэнт: ) “А ці можна ад вас даведацца, на якой падставе затрымалі ды што ім інкрымінуюць?”

(Новікаў: ) “Ноў комэнтс”.

(Карэспандэнт: ) “А…”

(Новікаў: ) “Сенк’ю вері мач”. (Кінуў слухаўку.)

Кіраўніца “Менскай пошты” Аляксандра Чарняк заяўляе, што паштавікі пэрлюстрацыяй капэртаў з часопісам “Асамблея” не займаліся:

(Чарняк: ) “Не, ну што вы… Мы на такія рэчы ня здольныя. Мы маем афіцыйны дакумэнт ад пракуратуры пра затрыманьне лістоў, адпраўленых гэткім адпраўшчыкам. Па-мойму, недзе 700 лістоў. Мы маем прадпісаньне. Калі яны запатрабавалі ад нас затрымаць, потым запатрабавалі ўзяць на экспэртызу, дык адзін ліст быў перададзены ім. Самі мы капэртаў не расьпячатвалі. Хаця мы маем такое права, мы гэтага не рабілі”.

Спадарыня Чарняк распавяла, што ўсе гэтыя лісты цяпер знаходзяцца на пошце. Яна ня ведае, якую экспэртызу можна правесьці на базе аднае расьпячатанае капэрты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG