Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЛЯЎНІЧЫ КАНФЛІКТ У БАРЫСАЎСКІМ РАЁНЕ


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць

У найбліжэйшую нядзелю ў вёсцы Зэмбін на Барысаўшчыне мае адбыцца сход мясцовых паляўнічых. Як паведаміў кіраўнік зэмбінскай суполкі Таварыства паляўнічых і рыбаловаў Мікалай Селяціцкі, на сходзе мяркуецца абмеркаваць ініцыятыву Фэдэрацыі прафсаюзаў:

(Селяціцкі: ) “Размова была такая, што пад прафсаюзы хочуць узяць гаспадарку. Вядома, гэта ўціск інтарэсаў грамадзкай арганізацыі — Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Вельмі не хацелася б, каб было так, як у Расеі, дзе паляўнічыя палеткі выкупляюць прыватныя асобы, і дзе нельга ступіць нагой, бо ахова стаіць. Тут жа мы ўсе простыя паляўнічыя. А яшчэ невядома, які тады будзе кошт паляўнічай “пуцёўкі”. У таварыстве ёсьць ільготы для сяброў гэтай арганізацыі, напрыклад, за палову кошту яе можна набыць. А як яны ўстановяць? Колькі каштаваць будзе пуцёўка? А раптам такой будзе, што шараговаму паляўнічаму і немагчыма будзе набыць яе”.

Афіцыйна Барысаўскае таварыства паляўнічых і рыбаловаў з ініцыятывай Фэдэрацыі прафсаюзаў пакуль яшчэ не азнаёмленае. У мясцовым райвыканкаме пацьвердзілі, што кіраўніцтва ФПБ накіравала ў Менскі аблывыканкам ліст з просьбай здаць у арэнду частку паляўнічых палеткаў Барысаўскага і Лагойскага раёнаў. Тут, на тэрыторыі некалькі дзясяткаў тысяч квадратных кілямэтраў, Фэдэрацыя мяркуе стварыць узорную паляўнічую гаспадарку.

Старшыня Барысаўскай раённай арганізацыі таварыства паляўнічых і рыбаловаў Анатоль Гаўрыловіч паведаміў Свабодзе, што гэта пойма рэчкі Бярэзіны, дзе шмат дзічыны: балотнай птушкі, казуляў, ласёў, аленяў і нават ёсьць тут зубры. Гэтым, паводле ягоных словаў, і прыцягнулі тутэйшыя мясьціны ўвагу кіраўніцтва ФПБ. Між тым, лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук лічыць ініцыятыву Фэдэрацыі абсурднай:

(Ярашук: ) “Кіраўніцтва Фэдэрацыі лічыць для сябе прымальным займацца чым заўгодна, акрамя сваіх асноўных абавязкаў, якія выцякаюць са статутаў і ФПБ, і галіновых прафсаюзаў. І тым больш, што гэта вельмі прыемны занятак — паехаць дзесьці на адпачынак ды займацца паляўніцтвам, рыбалоўствам і гэтак далей. Відавочна, што працэс дэградацыі ФПБ працягваецца. З другога боку, відавочна і тое, што Фэдэрацыя ўсё больш ператвараецца ў дзяржаўную структуру”.

Паводле заканадаўства, лёс паляўнічай ініцыятывы Фэдэрацыі павінны вырашаць мясцовыя ўлады. У прыватнасьці, дэпутаты Лагойскага і Барысаўскага раённых саветаў. Аднак, паводле паляўнічых, яны вырашаць так, як ім загадаюць зьверху. Бо, маўляў, у гэтых саветах на сёньняшні дзень няма незалежных дэпутатаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG