Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАРГОВЫ РАЎНД ГАЗАВЫХ ПЕРАМОВАЎ СКОНЧЫЎСЯ БЕЗВЫНІКОВА


Юры Дракахруст, Прага

Вярнуўшыся ў пятніцу зь перамоваў са сваім расейскім калегам, Сідорскі паведаміў вельмі станоўчыя рэчы. Паводле яго, да вырашэньня пытаньня з продажам акцыяў “Балтрансгазу” сёлетнія пастаўкі газу будуць “часова ажыцьцяўляцца паводле леташняй дамовы”, гэта значыць, “Газпрам” робіць тры чвэрці ўсіх паставак па коштах 5-га цэнавага поясу Расеі, астатняе Беларусі давядзецца купляць у незалежных пастаўшчыкоў па рынкавых цэнах. У новы год Беларусь уступіла ўвогуле без дамовы з “Газпрамам”, атрымалася дамовіцца толькі з “Ітэрай” і “Транснафтай” на пастаўкі, па-першае параўнальна невялікай колькасьці газу, а па-другое, па даволі высокай цане. І раптам высьветлілася, што ніякага “дамоклава мяча” над Беларусьсю не вісіць, пагрозы, што яна застанецца бяз таннага газу, няма. Больш таго, паводле Сідорскага, і ў пытаньні “Белтрангазу” Масква пайшла на саступкі, пагадзіўшыся на рынкавую ацэнку кошту прадпрыемства. Нагадаем, “Газпрам” ацэньвае беларускую газатраспартную сыстэму у 580 мільёнаў даляраў, Менск лічыць, што рынкавая цана “Белтрансгазу” – 5 мільярдаў даляраў.

Прэм’ер-міністра і Беларусь можна было б павіншаваць зь вялікім посьпехам, калі б... Калі б ён сапраўды быў.

Заявы кіраўніка беларускага ўраду мы папрасілі пракамэнтаваць прэсавага сакратара старшыні “Газпраму” Аляксея Мілера Сяргея Купрыянава.

(Купрыянаў: ) “Я нічога ня ведаю пра дамоўленасьці наконт паставак газу ў Беларусь на тых жа ўмовах, якія былі ў 2003 годзе. З 1 студзеня 2004 году "Газпрам" не пастаўляе газ у рэспубліку, і ўсе патрэбы ў газе закрываюцца пастаўкамі незалежных пастаўшчыкоў. Што тычыцца рынкавай ацэнкі "Белтрангазу", то мы з самага пачатку займалі такую пазыцыю і лічылі, што пры вызначэньні цаны пакету акцыяў гэтай кампаніі неабходна абапірацца на рынкавую вартасьць, якую неабходна пацьвердзіць незалежнай ацэнкай. Іншая справа, што, паводле нашага меркаваньня, незалежная ацэнка толькі падцьвердзіць той факт, што ацэнка блізкая да балянсавай”.

Паводле сп. Купрыянава, "Газпрам" гатовы і цяпер пастаўляць газ Беларусі, але па рынкавай цане.

(Карэспандэнт: ) “Рынкавая цана – гэта якая?”

(Купрыянаў: ) “Я не гатовы называць канкрэтныя лічбы, гэта прадмет перамоваў з нашымі беларускімі калегамі. Але арыенцірам, напрыклад, магла б быць Украіна”.

(Карэспандэнт: ) “Ну а калі газ незалежных пастаўшчыкоў скончыцца, згоды па "Белтрансгазу" ня будзе, ці пойдзе "газпрамаўскі" газ у Беларусь?

(Купрыянаў: ) “Разьлічваць на тое, што "Газпрам" будзе пастаўляць газ без кантракту, наўрад ці мае сэнс. Трэба як мага хутчэй шукаць нейкія ўзаемапрымальныя варыянты па пастаўках газу і стварэньні сумеснага прадпрыемства”.

Словы прэсавага сакратара старшыні “Газпраму” Сяргея Купрыянава пацьвярджаюцца нулявым вынікам сёньняшніх перамоваў Пятра Пётуха і Аляксея Мілера.

Дарэчы, учора “Газпрам” атрымаў дадатковы сродак ціску на Беларусь. Прэм’ер-міністар Расеі Міхаіл Касьянаў падпісаў пастанову аб пачатку пабудовы Паўночна-Эўрапейскага газаправоду. Гэты газаправод пройдзе па дну Фінскай затокі і Балтыйскага мора ў Нямеччыну. Кошт праекту – каля 6 мільярдаў даляраў, будаўніцтва мяркуецца завершыць да канца 2007 году. Праектная магутнасьць новага газаправоду складае 20 мільярдаў кубамэтраў штогод. Як адзначае расейская газэта “Известия” будаўніцтва пачнецца ў сярэдзіне гэтага году, але ўжо цяпер “Газпрам” можа адчуваць сябе больш упэўнена на перамовах па кіраваньні газатранспартнымі сыстэмамі Ўкраіны і Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG