Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОМЕЛІ ВЫЯЎЛЕНЫ ТЭЛЕФОННЫ ХУЛІГАН, ЯКІ ПАГРАЖАЎ КАРЭСПАНДЭНТЦЫ “БЕЛОРУССКОЙ ДЕЛОВОЙ ГАЗЕТЫ”


Казімер Яноўскі, Гомель

Заяву Ірыны Макавецкай пра начную пагрозу па тэлефоне правярала другое аддзяленьне міліцыі Чыгуначнага раёну. Ягоны начальнік Валер Стрыгалёў пацьвердзіў, што незнаёмца ўдалося ўстанавіць:

(Стрыгалёў: ) “Мы ўжо ўстанавілі, хто гэта тэлефанаваў. Мы зь ім гутарылі, узялі тлумачэньне. Ён патлумачыў, што болей ня будзе турбаваць”.

Валер Стрыгалёў зь незразумелых прычынаў не схацеў адкрыта назваць прозьвішча незнаёмца. Яго назвалі супрацоўнікі аддзяленьня пацярпелай Ірыне Макавецкай:

(Макавецкая: ) “Як аказалася, гэта пагражаў рэдактар аддзелу дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі “Гомель” Вячаслаў Булкін. Сёньня начальнік другога аддзяленьня міліцыі Валер Стрыгалёў сказаў, што ўзбуджаць крымінальную справу па факту пагрозы ён не зьбіраецца, таму што ня бачыць ва ўчынку Булкіна злачынства. Міліцыянт лічыць, што я сама вінавата, бо не паклала трубку і размаўляла зь невядомым чалавекам”.

Для Макавецкай паблажлівае стаўленьне міліцыянтаў да начных тэлефонных пагрозаў не зьяўляецца нечаканасьцю. Паўтара году таму карэспандэнтка ўжо зьвярталася ў згаданае другое аддзяленьне міліцыі таксама з прычыны частых тэлефонных званкоў. Праўда, тады ў трубку не пагражалі, а толькі маўчалі. Сп. Стрыгалёў пісьмова паведаміў журналістцы, што ўстанавіць тэлефонных хуліганаў не было магчымасьці.

Цяпер устанавілі, але вынік па сутнасьці ранейшы. Дырэктар тэлерадыёкампаніі “Гомель” Віктар Котаў адмовіўся патлумачыць дзеяньні падначаленых супрацоўнікаў. Не аказалася сёньня зранку на працы і самога сп. Булкіна. Міліцыянтам жа Вячаслаў Булкін, паводле Макавецкай, якая чытала ягоныя тлумачэньні, напісаў наступнае:

(Макавецкая: ) “Булкін у тлумачэньні міліцыі напісаў, што распраўляцца са мною ён не зьбіраўся. Тэлефанаваў таму, што я зьяўляюся журналістам апазыцыйнай газэты, і ён даўно мне хацеў сказаць, што я пішу матэрыялы, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці. У тлумачэньні Булкіна нічога не сказана, чаму ён вырашыў тэлефанаваць у 4 гадзіны ночы. Гэты факт не насьцярожвае і міліцыю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG