Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КААЛІЦЫЯ "5+" АРГАНІЗУЕ МІТЫНГ У ГОМЕЛІ


Уладзімер Глод, Менск

Пачатак падрыхтоўкі да акцыі ўзяў на сябе старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Сёньня мы абмяркоўваем правядзеньне акцыі ў Гомелі. Ёсьць заяўка на правядзеньне мітынгу, ёсьць дазвол гарадзкіх уладаў. Гэта якраз тое, што мы называем "пайсьці да людзей", пра што мы заяўлялі. І зараз мы маем палітычную волю, каб гэта рэалізаваць. Я ўжо праводзіў рабочую сустрэчу з кіраўніцтвам і актывістамі АГП, каб скарыстаць гэтую акцыю як для камунікацыі з гамельчанамі, так і для таго, каб задзейнічаць тыя выбарчыя акругі, дзе будуць балатавацца прадстаўнікі "5+". І каб там прагучала інфармацыя аб стварэньні нашай кааліцыі".

Паводле спадара Лябедзькі, формы працы зь людзьмі ў рэгіёнах будуць разнастайнымі:

(Лябедзька: ) "Для нас гэта вельмі істотна, вельмі важна. Прадстаўнікі кіраўніцтва ўсіх шасьці партыяў у Варшаве знаходзяцца, гэта я тут адзін на гаспадарцы застаўся. А вось заўтра ў нас чарговае паседжаньне, і мы будзем абмяркоўваць розныя формы прэзэнтацыі кааліцыі ў рэгіёнах. У Гомелі мы будзем прапаноўваць выкарыстаць камунікацыі і кантакты зь сярэднестатыстычным грамадзянінам Беларусі. Дзесьці гэта будуць сустрэчы з актывістамі грамадзкіх арганізіцыяў, на якіх мы моцна разьлічваем падчас падрыхтоўкі выбарчай кампаніі. Але самае галоўнае – генэральная лінія – гэта каб народная кааліцыя дайшла да раённых цэнтраў, як мінімум. А калі ёсьць мажлівасьць, то і да вялікіх сельскіх населеных пунктаў".

Тым часам Эўрапейская кааліцыя "Свабодная Беларусь" таксама займаецца справай, сьцвярджае адзін зь лідэраў гэтага перадвыбарчага блёку Андрэй Саньнікаў:

(Саньнікаў: ) "У нас ёсьць два накірункі: першы – гэта праца ў рамках нашага блёку, а другі – гэта кансультацыі і перамовы зь "пяцёркай". На мінулым тыдні адбылося паседжаньне каардынацыйнага камітэту – мы пэўныя вынікі падсумавалі і вызначылі, што будзем рабіць далей. Далей – прапаганда менавіта эўрапейскага выбару для Беларусі. Гэта ў розных формах будзе праходзіць і праходзіць зараз".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG