Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛОРД ПОНСАНБІ САНКЦЫЯЎ СУПРАЦЬ БЕЛАРУСІ НЕ ПАДТРЫМАЎ БЫ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Паўтара году таму ў часе прамовы ў брытанскім парлямэнце лорд Понсанбі сказаў: “Урад Вялікай Брытаніі павінен актыўна дзейнічаць, каб вярнуць Беларусь у сям’ю эўрапейскіх народаў, дзе яе сапраўднае месца”. Я запытаўся лорда Понсанбі, ці дастаткова, на ягоную думку, афіцыйны Лёндан у гэтай справе робіць?

(Понсанбі: ) “Брытанскі ўрад дзейнічае празь міжнародную супольнасьць – АБСЭ, Раду Эўропы, Эўразьвяз. На гэтай канфэрэнцыі мы якраз і дыскутавалі пра тое, як Эўразьвяз мусіць разьвіваць кантакты зь Беларусьсю ды іншымі краінамі – новымі суседзямі Аб’яднанай Эўропы. У сувязі з гэтым паўстае цяжкае пытаньне – як пабудаваць добрыя адносіны з краінай, адначасова ізалюючы яе кіраўніцтва. З аднаго боку, беларусы маюць шмат добрых кантактаў ў Эўразьвязе, а з другога, кіраўніцтва Беларусі адкідае дэмакратычныя стандарты. Ад нашых партнэраў у Эўропе мы чакаем павагі да гэтых стандартаў”.

У часе канфэрэнцыі адзін зь яе ўдзельнікаў неафіцыйна выказаў меркаваньне, што Эўразьвяз цяпер шукае кампрамісу з Аляксандрам Лукашэнкам ўзамен на спакой на сваёй усходняй мяжы. Лорд Понсанбі наведваў Беларусь ў складзе рабочай групы Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Вось ягонае меркаваньне ў гэтай справе:

(Понсанбі: ) “У Эўропе ёсьць дылема – ці ізаляваць Беларусь далей, ці наадварот, больш супрацоўнічаць з гэтай краінай. Гэта істотнае пытаньне. Я не належу да максымалістаў, якія кажуць, што зь Беларусьсю ўвогуле нельга размаўляць. Трэба гэта рабіць на адпаведных узроўнях, і так робіцца. На маю думку, Польшча, якая ператвараецца ў моцнага гульца на эўрапейскай арэне, можа быць добрым прыкладам для Беларусі. Прыкладам таго, як можна дамагацца свайго, застаючыся незалежным і канструктыўным партнэрам унутры Эўропы. Гэта мусіць быць добры прыклад для беларускіх уладаў”.

У часе прамовы ў парлямэнце, пра якую мы ўжо ўзгадвалі, лорд Понсанбі адзначыў, што эўрапейская супольнасьць, у тым ліку і Вялікая Брытанія, мусяць узьдзейнічаць на Беларусь праз кіраўніцтва Расеі. Ці можна й цяпер чакаць нейкага пазытыўнага ўплыву на Менск з боку Масквы?

(Понсанбі: ) “Я ўпэўнены, што Пуцін мае на Беларусь значна большы ўплыў, чым Эўразьвяз ці Брытанія. Што мы мусім рабіць, дык гэта пераконваць Пуціна, што існаваньне дэмакратычнай Беларусі – гэта ў ягоных інтарэсах. Я перакананы ў тым, што сама Расея бачыць сябе ў будучым у якасьці часткі больш вялікай Эўропы, таму Масква не зацікаўленая ў тым, каб яе сусед быў ізаляваны і не адпавядаў эўрапейскім стандартам”.

(Карэспандэнт: ) “А ці падтрымае Вялікая Брытанія магчымыя эканамічныя санкцыі Эўразьвязу супраць Беларусі?”

(Понсанбі: ) “Гэта цяжкае пытаньне, адна з найбольш старых дылемаў у гісторыі дыпляматыі, бо санкцыі шкодзяць звычайным людзям і зусім не абавязкова – уладам. У гісторыі маёй краіны гэтае пытаньне паўставала неаднойчы, але ў кожным выпадку трэба добра падумаць, і кожны выпадак трэба разглядаць індывідуальна. Асабіста я не падтрымаў бы ўвядзеньня санкцыяў супраць Беларусі”.

Пэўны час таму ў Вялікай Брытаніі на высокім узроўні было заяўлена, што Беларусь для Лёндану ня мае такога значэньня, як іншыя краіны рэгіёну. Лорд Посанбі, аднак, упэўнены, што такое стаўленьне хутка зьменіцца:

(Понсанбі: ) “Польшча хутка будзе адной з найбольш значных краінаў у Эўропе. А Польшча мае доўгую мяжу зь Беларусьсю. Таму, я мяркую, Беларусь будзе ўсё больш актыўна трапляць у поле зацікаўленьня брытанскай замежнай палітыкі”.

Лорд Понсанбі падкрэсьліў таксама, што сытуацыя ў Беларусі і Ўкраіне абсалютна розная, бо ўкраінскае грамадзтва мае больш моцную і актыўную апазыцыю, якая здольная ўплываць на унутраныя падзеі. Паводле лорда Понсанбі, міжнародная супольнасьць павінна таксама пераконваць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў быць больш актыўнымі і незалежнымі, нават тых зь іх, хто падтрымлівае цяперашняга кіраўніка краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG