Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ


РСЭ/РС

16 студзеня 1919 году, усяго праз два тыдні пасьля абвяшчэньня БССР, тэрыторыя савецкай Беларусі была радыкальна зьменшаная на карысьць Расейскай Фэдэрацыі. У склад РСФСР былі забраныя Віцебская, Магілёўская і Смаленская губэрні.

А 16 студзеня 1921 году ў Маскве была падпісаная Дамова аб саюзе паміж БССР і РСФСР, згодна зь якой наркаматы вайсковых справаў, зьнешняга гандлю, фінансаў, працы, пошты і тэлеграфу аб'ядноўваліся і ўваходзілі ў склад СНК РСФСР. Такім чынам Дамова пакончыла з рэшткамі сувэрэнітэту БССР, бо зьніклі галоўныя інстытуты, якія забясьпечваюць самастойнасьць дзяржаўнага існаваньня.

16 студзеня ў розныя гады нарадзіліся два кіраўнікі антырасейскіх паўстаньняў на беларускіх землях у 19 ст. Генрык Дэмбінскі ў 1831 годзе кіраваў няўдалай спробай адбіць у расейцаў Вільню і скончыў жыцьцё ў эміграцыі. А Рамуальд Траўгут змагаўся з расейскімі войскамі ў 1863 годзе. Быў схоплены і павешаны. Сёньня ў мястэчку Сьвіслач на Гарадзеншчыне яму пастаўлены помнік.

16 студзеня 1920 году ў Амэрыцы ўступае ў сілу 18-я папраўка да Канстытуцыі ЗША, якая забараніла вытворчасьць, перавозку і продаж сьпіртовых напояў. Такім чынам у Штатах пачаўся славуты Сухі закон.

А яшчэ два беларускія кампазытары нарадзіліся 16 студзеня ў розныя гады. Гэта Ўладзімер Алоўнікаў і Леанід Захлеўны.

Цяпер – пра памятныя даты заўтрашняе суботы.

17 студзеня 1732 году прыйшоў на сьвет апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Кажуць, што быў ён сьвядомым беларусам і нават прозьвішча сваё па-польску пісаў праз «у». А пахаваны ён у Воўчыне каля Высокага.

17 студзеня 1899 году нарадзіўся Альфонс Капонэ або Аль Капонэ – рэдкі прыклад таго, як гістарычнай асобай можа стаць ня толькі мастак або палітык, але і гангстэр з гораду Чыкага. Аль Капонэ, сын беднага цырульніка, быў сымбалем беззаконнасьці ў часы Сухога закону ў Амэрыцы.

І дзьве літаратурныя даты. Сёньня спаўняецца 100 гадоў Алесю Якімовічу і 40 гадоў Андрэю Федарэнку. Цікава, што абодва пісьменьнікі напісалі творы для дзяцей, а Алесь Якімовіч асабліва праславіўся сваімі апрацоўкамі беларускіх народных казак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG