Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЦЯБЛЯНЕ ПРАТЭСТУЮЦЬ СУПРАЦЬ ІНТЭГРАЦЫІ З РАСЕЯЙ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Сёньняшні пікет стаўся першай сёлетняй апазыцыйнай акцыяй у Віцебску. Ён праводзіўся без дазволу ўладаў, а таксама ў месцы, забароненым гарвыканкамам дзеля правядзеньня грамадзкіх акцыяў: калісьці сквэр каля плошчы Леніна быў адмыслова вызначаны дзеля правядзеньня пікетаў ды іншых вулічных імпрэзаў, аднак пасьля таго, як заявы на правядзеньне акцыяў пачалі актыўна падаваць прадстаўнікі апазыцыйных партыяў, віцебскі гарвыканкам вызначыў іншыя месцы, куды менш людныя…

Дзякуючы таму, што акцыя праводзілася ў самым цэнтры гораду, ініцыятыва трох пікетоўцаў адразу прыцягнула увагу віцебскіх мінакоў. Пабачыўшы плякаты “Месца Беларусі – у цывілізаванай Эўропе” ды “Не – саюзу з крымінальніцкай Расеяй”, шмат хто з віцяблянаў падыходзіў да пікету, каб пагаварыць зь ягонымі ўдзельнікамі. Такім чынам, мэта акцыі, на думку аднаго зь пікетоўцаў, Валерыя Паўлоцкага, была дасягнутая.

(Паўлоцкі: ) “Мы лічым, што незалежнасьць Беларусі сёньня ёсьць самым галоўным. Калі мы яе страцім, то страцім усё, і менавіта таму мы выйшлі сёньня на пікет, каб прыцягнуць увагу віцяблянаў да гэтай праблемы. Мы ня можам дапусьціць страты незалежнасьці нашай краіны!”

Разам зь пікетоўцамі на пытаньні віцяблянаў адказваў і вядомы праваабаронца ды журналіст Валеры Шчукін. Ён падкрэсьліў, што сапраўдны палітык мусіць быць у цэнтры самых значных палітычных падзеяў, і, паколькі пытаньне пра беларускую незалежнасьць паўстала апошнім часам вельмі востра, ён адмыслова прыехаў у Віцебск, каб таксама ўзяць удзел у гэтым пікеце.

Дыскусіі паміж удзельнікамі пікету ды ягонымі наведнікамі па найбольш вострых палітычных пытаньнях доўжыліся дзьве гадзіны, ад 16-й да 18-й вечара. Як высьветлілася, большасьць віцяблянаў, якія пабывалі на пікеце, падзяляюць пазыцыю ягоных арганізатараў.

Першая сёлетняя несанкцыянаваная акцыя прайшла без затрыманьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG