Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У.НАВУМАЎ АДМАЎЛЯЕЦЦА КАМЭНТАВАЦЬ МЭМАРАНДУМ ПРА ЗЬНІКЛЫХ ПАЛІТЫКАЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Галоўнай тэмай сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі міністра ўнутраных справаў Беларусі Ўладзімера Навумава сталася справаздача аб палітычных зьнікненьнях у Беларусі, падрыхтаваная ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Ня з волі міністра, канечне, а таму што на гэтым настойвалі журналісты. Перш за ўсё міністра Навумава папрасілі пракамэнтваць выснову са справаздачы Хрыстаса Пургурыдэса адносна верагоднай датычнасьці найвышэйшых кіраўнікоў Беларусі да палітычных зьнікненьняў. Уладзімер Навумаў адказаў:

(Навумаў: ) “Ён задаваў мне пытаньні, а я толькі адказваў, і мне цяжка меркаваць, чаму ён гэтак вырашыў”.

Уладзімер Навумаў паведаміў, што ягоная размова са спадаром Пургурыдэсам доўжылася амаль паўтары гадзіны. Навумаў, аднак, адмовіўся апавядаць пра зьмест гэтай гутаркі, спаслаўшыся на ягоную дамову з Пургурыдэсам.

(Навумаў: ) “Ён сам выказаў просьбу: нашай гутаркі да таго, як ён з усімі сустрэнецца і зробіць свае высновы, асабліва не разгалошваць”, — згадаў сёньня Ўладзімер Навумаў.

Сам Хрыстас Пургурыдэс ужо апублікаваў свой мэмарандум пра палітычныя зьнікненьні ў Беларусі і зрабіў высновы. Хрыстас Пургурыдэс, у прыватнасьці, паведаміў, што Ўладзімер Навумаў не адразу прызнаў сапраўднасьць рапарту генэрала Лапаціка, у якім у якасьці падазраваных называецца Віктар Шэйман, а толькі пасьля прапановы правесьці графалягічную экспэртызу. Пасьля гэтага, паводле спадара Пургурыдэса, Уладзімер Навумаў таксама заявіў, што нібыта генэрал Лапацік памыліўся з вэрсіяй, якую выказаў у сваім рапарце.

Другі раз Уладзімер Навумаў згадваецца ў мэмарандуме Хрыстаса Пургурыдэса ў сувязі са згадкай камандзіра СОБРу Паўлічэнкам, які называўся падазраваным у арганізацыі выкраданьня і забойстве Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. Сёньня спадара Навумава спыталі і пра Паўлічэнку, чаму міністар не паўплываў на свайго падначаленага Паўлічэнку, каб той сустрэўся з Хрыстасам Пургурыдэсам. Уладзімер Навумаў узяў адказнасьць на сябе.

(Навумаў: ) “Што тычыцца падпалкоўніка Паўлічэнкі, то я, як міністар унутраных справаў, лічу, што я адказаў на ўсе пытаньні, якія былі да мяне і да маіх падначаленых, бо я адказваю і за іх”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG