Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З ПРЫЧЫНЫ ВЯЛІКАГА СЬНЕГАПАДУ ДАІ БЕЛАРУСІ АБВЕСЬЦІЛА ПЛЯН “НАДВОР’Е


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Супрацоўнік сталічнага ДАІ Дзяніс Стаўскі заверыў Радыё Свабода, што сёньня на дапамогу кіроўцам выйдуць усе працоўныя інспэктары ДАІ. Яны будуць рэгуляваць рух, суправаджаць калёны камунальных машынаў, якія ачышчаюць дарогі, закрываць тыя вуліцы, рух па якіх часова немагчымы. Таксама будуць эвакуаваць з вуліцаў машыны, якія перашкаджаюць барацьбе са сьнегам.

Але Дзяніс Стаўскі запэўніў, што гэта ня будзе звычайнай эвакуацыяй са спагнаньнем штрафу:

(Стаўскі: ) “Калі на справе аўтамабіль будзе перашкаджаць, тады будзе выклікацца эвакуатар. Бо калёне з шасьці-сямі аўтамабіляў, якія чысьцяць вуліцу, машыны на ўскрайку дарогі перашкаджаюць. Але ніякага пакараньня ня будзе. Проста перасунуць машыну на ўжо чысты кавалак дарогі”.

Паводле прагнозаў, якія ёсьць у ДАІ, чаканая сёньня завіруха будзе ледзь ня самай моцнай за гэтую зіму. Такім чынам, тое, што адбывалася на дарогах Беларусі днём раней, можна лічыць рэпэтыцыяй. Дарэчы, прайшла яна ў розным месцах па-рознаму. Знаёмы кіроўца Алег учора прыехаў у Менск зь Ліды. Станам дарогаў ён быў задаволены:

(Алег: ) “Паўсюль, дзе я ехаў, ачышчаюць дарогі. Заносы ёсьць, бо мяце, але трактары ўсё расчышчаюць. Нармалёва”.

А вось у менчука Аляксандра іншыя ўражаньні. Раніцай яму трэба было адвезьці знаёмага ў шпіталь, дык ледзь выехаў з цэнтру гораду:

(Аляксандар: ) “Са стаянкі ў цэнтры гораду мяне выпіхвалі ўсёй кампаніяй, бо самі бы ня вызваліліся. Такі рэдкі выпадак салідарнасьці — гора зблізіла людзей. Але ў гэтага гора ёсьць пэўныя аўтары: не Гасподзь Бог і ня неба, аўтары гэтыя працуюць у Менскім гарвыканкаме”.

Учора ўвечары камунальныя службы Менску запэўнівалі, што за сьветлы час дня горад быў ачышчаны на 70%. Паводле нашых зьвестак, у малых гарадах Беларусі й сельскай мясцовасьці гэты паказчык значна ніжэйшы, таму калі сьнег будзе ісьці яшчэ дзень, то шмат дзе рух сапраўды будзе паралізаваны. На гэты выпадак супрацоўнікі ДАІ раяць устрымацца ад паездак на прыватным транспарце і спадзявацца толькі на грамадзкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG