Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА МАТЧ КУБКУ ДЭВІСА З РАСЕЯЙ МАБІЛІЗУЮЦЬ І ПАДЛЕТКАЎ


Ігар Карней, Менск

Тэнісныя адмыслоўцы вымушаныя канстатаваць, што выбіраць кандыдатаў напярэдадні матчу з расейцамі фактычна няма з каго. Кіраўнік Фэдэрацыі тэнісу Сямён Каган у гутарцы са мной не хаваў, што аб’ектыўна выйграваць цяпер могуць толькі Максім Мірны і Ўладзімер Валчкоў; усе астатнія заяўленыя на матч спартоўцы ад пачатку застаюцца збольшага статыстамі. Што да 15-гадовага Каратчэні, то спадар Каган лічыць: чым раней тэнісіст пачне набірацца дарослага досьведу, тым лепей для ягонай спартовай кар’еры.

Праўда, некаторыя спартовыя журналісты, напрыклад, аглядальнік “Прэсболу”, кажуць, што прыцягненьне ў зборную 15-гадовага юнака — гэта ня столькі клопат пра ягоную пэрспэктыву, колькі крок ад безвыходнасьці. Ранейшы чацьверты нумар зборнай, 17-гадовы Аляксандар Скрыпко, якога больш за тры гады рыхтавалі ў спарынгах з фаварытамі, нечакана для ўсіх паехаў вучыцца ў ЗША. Вакантнае месца ўрэшце занялі адзіным яго вартым, паколькі Андрэй Каратчэня — чэмпіён Эўропы 2003 году ва ўзроставай катэгорыі да 14 гадоў.

Праўда, Сямён Каган дапускае, што склад беларускай зборнай можа быць адкарэктаваны. Днямі стартуе Чэмпіянат Беларусі ў вялікім тэнісе, і калі хтосьці прадэманструе тэхнічную гульню, то можна будзе весьці гаворку пра ратацыю ў зборнай. Гэта, зразумела, ня будзе тычыцца лідэраў — Мірнага і Валчкова, але той жа Каратчэня ці трэці нумар каманды, Аляксандар Швец, могуць быць замененыя на іншых літаральна за гадзіну да жараб’ёўкі, якая адбудзецца 5 лютага ў менскай Ратушы.

Разам з тым, як канстатуюць адмыслоўцы, і лідэры беларускай тэніснай зборнай пакуль ня ў лепшай форме. Уладзімер Валчкоў няўдала выступіў на буйным турніры ў Катары: спаслаўшыся на стомленасьць, ён проста спыніў сустрэчу з кітайцам Лі. Не паказвае пакуль належнай гульні ў адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі і Максім Мірны. Аднак трэнэрскі штаб зборнай усё ж спадзяецца мабілізаваць тэнісістаў на пасьпяховыя выступы. Падставай ня столькі стаўка на ўнутраныя рэзэрвы выхаванцаў, колькі веданьне пра аналягічныя кадравыя праблемы ў лягеры супернікаў. Прыкладам, Яўген Кафельнікаў ужо адмовіўся ад адзіночных спаборніцтваў і ў найлепшым выпадку выступіць толькі ў парным разрадзе. Нумарам адзін у расейцаў, такім чынам, застаецца Марат Сафін. Астатнія прозьвішчы заяўленых тэнісістаў — Давідзенка, Андрэеў і Куніцын — нават адмыслоўцам мала што кажуць.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG