Хрыстас Пургурыдэс даў беларускім уладам час на пачатку студзеня, каб яны адказалі на ягоны мэмарандум “Зьніклыя асобы ў Беларусі”. Я патэлефанаваў яму і спытаўся, ці быў гэты адказ афіцыйнага Менску.
(Пургурыдэс: ) “Да гэтага часу я не атрымаў нічога з Рады Эўропы. Як вы ведаеце, я цяпер на Кіпры, а не ў Страсбуры. Але я здагадваюся, што адказу не было. Бо калі б адказ быў, дык яго б даслалі мне”.
Што цяпер вы зьбіраецеся рабіць, задаў я пытаньне спадару Пургурыдэсу.
(Пургурыдэс: ) “Я ўжо аддаў інструкцыі, і мы пачалі рыхтаваць канчатковую справаздачу”.
Хрыстас Пургурыдэс даў зразумець, што тэкст гэтай справаздачы можа стаць больш жорсткім у дачыненьні да беларускіх уладаў, да якіх ён больш зьвяртацца не зьбіраецца.
(Пургурыдэс: ) “Я даў ім усе магчымасьці абвергнуць мае папярэднія высновы. Паколькі дагэтуль я нічога ад іх не атрымаў, я ня буду кантактаваць зь імі зноў. Я атрымаў лісты ад жонак зьніклых ды ад іншых беларусаў. Яны прапанавалі зрабіць дапаўненьні. І я, безумоўна, дадам іх да свайго тэксту — пакуль гэта быў мэмарандум, а не канчатковая справаздача”.
Паводле Хрыстаса Пургурыдэса, канчатковы тэкст ягонай справаздачы можа стаць сапраўднай бомбай для цывілізаванай Эўропы.
(Пургурыдэс: ) “Ёсьць моцныя паказаньні наконт уцягнутасьці беларускіх уладаў у выкраданьне людзей і прыхаваньне гэтых справаў. Што да прыхаваньня справаў – сьведчаньняў гэтага больш чым дастаткова”.
Я яшчэ раз запытаўся, калі ягоная справаздача будзе разглядацца ў Страсбуры. Вось які адказ даў Хрыстас Пургурыдэс:
(Пургурыдэс: ) “Калі ня будзе істотнага разьвіцьця падзеяў, якое трэба будзе далучаць да справаздачы і такім чынам адкладаць яе, дык, як я спадзяюся, канчатковая справаздача будзе абмеркаваная юрыдычным камітэтам пры канцы студзеня”.
Менавіта ў гэтыя дні ў Страсбуры зьбярэцца зімовая сэсія ПАРЭ. Мажліва, што беларускае пытаньне будзе абмеркаванае й на ёй. Але пакуль плянуецца, што справаздачы Х.Пургурыдэса — ня толькі пра зніклых, але й пра ўціск незалежнай прэсы ў Беларусі — сябры ПАРЭ заслухаюць і разгледзяць у красавіку.