Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКІ ПОПЫТ ЧЫТАЧОЎ НА БЕЛАРУСКАМОЎНЫЯ ВЫДАНЬНІ?


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Найбольшым попытам у магілёўскай кнігарні “Думка” карыстаюцца мастацкія альбомы, якія звычайна набываюцца для падарункаў. Добра разыходзяцца энцыкляпэдычныя выданьні, гістарычныя і краязнаўчыя кнігі. Дзіцячыя выданьні на беларускай мове яркія і прыгожыя, аднак вельмі дарагія. Таму звычайна пакупнікі аддаюць перавагу больш танным расейскім кнігам, гаворыць загадчыца кнігарні Вольга Сінякіна.

(Сінякіна: ) “Вось цяпер і ў садках і ў школах паўсюль патрэбныя дзіцячыя кнігі на беларускай мове, аднак далёка ня ўсе гэта могуць сабе дазволіць. Вось тут менавіта пытаньне кошту”.

Мастацкія творы беларускіх пісьменьнікаў набываюць зрэдку. Таму ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” кнігарня замаўляе толькі адзін-два асобнікі кнігаў, аднак і яны могуць стаяць на паліцах шмат часу. Заўсёды раскупаюцца толькі Купала, Колас ды яшчэ некалькі аўтараў.

(Сінякіна: ) “Быкаў, канечне, усё роўна раскупаецца, як бы там ні было. Шамякін пакуль яшчэ нядрэнна разыходзіцца. Напэўна, няма ў нас сапраўдных клясыкаў, якія б карысталіся попытам”.

Чаму ж кнігі беларускіх пісьменьнікаў мала набываюць? На гэтае пытаньне адказваюць наведнікі магілёўскай кнігарні:

(Спадарыня: ) “Пісьменьнікі, відаць, пішуць ня вельмі добра. Чытаюць дэтэктывы расейскія, ды ўсё”.

(Спадарыня: ) “Я не магу сказаць, што цяперашнія расейскія дэтэктывы вельмі цікавыя. А літаратура нашая заўсёды ёсьць, яна цікавая і для народу”.

(Спадар: ) “Быкаў цікавіць. Беларуская літаратура ўвогуле цікавая. Тут, напэўна, вялікую ролю адыгрывае тое, што народ адвучаны ад самой мовы. Адсюль і такое стаўленьне”.

(Спадарыня: ) “Цяпер у мяне проста няма грошай набываць гэтыя кнігі. Дарагія вельмі. А так вельмі люблю гумар беларускі. Я вось толькі прыйду, пагляджу, а грошай няма”.

У магілёўскай друкарні “Думка” лічаць, што заняпад продажу беларускай літаратуры мінуў. Ужо няма такога, каб захоўваліся штабэлі беларускіх кнігаў, а імі цікаваліся толькі як паперай. Цяпер у краму прыходзяць людзі, якія цікавяцца менавіта беларускай літатурай. І Вольга Сінякіна лічыць, што гэта добры знак:

(Сінякіна: ) “Такія людзі ёсьць. І я мяркую, што будуць іх дзеці, знаёмыя, усё роўна нейкім чынам будзе разьвівацца гэты працэс”.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, дзеці, ці чытаеце вы кнігі на беларускай мове?”

(Хлопчык: ) “Так, у нас дома шмат кнігаў беларускіх”.

(Хлопчык: ) “Асабліва вершы чытаем. Нядаўна ў клясе вучылі верш “Нарэшце”:
Ніхто з дамашніх не згадае,
Чым рэчка Костуся займае,
Якая іх зьвязала сіла
І чым яна так хлопцу міла…
Я буду, калі вырасту, чытаць беларускія кнігі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG