Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМЭРЫКАНСКАЯ АДМІНІСТРАЦЫЯ Ў ІРАКУ АБВЕСЬЦІЛА ПРА НОВУЮ ПАЛІТЫКУ АДНОСНА БЫЛЫХ СЯБРАЎ ПАРТЫІ БААС


Юры Дракахруст, Прага

“Washington Post” паведамляе са спасылкай на прадстаўнікоў амэрыканскай адміністрацыі ў Іраку, што новая палітыка, па-першае, палягае ў далучэньні да працэсу дэбаасыфікацыі саміх іракцаў, а па-другое, у аддзяленьні сапраўдных злачынцаў ад тых, хто быў сябрам уладнай партыі намінальна. Прадстаўнік кіроўчай рады Іраку, старшыня камісіі па дэбаасіфікацыі Ахмэд Чалябі тлумачыць, што гэты працэс ня будзе помстаю, а разьбіральніцтва будзе заснаванае на аналізе дакумэнтаў, а не на чутках. Разам з тым Чалябі гаворыць, што яшчэ каля 28 тысячаў былых сябраў партыі БААС могуць страціць працу. Гэтая партыя была злачыннай – заявіў Чалябі журналістам – і пакуты баасістаў, што страцілі працу, ня йдуць у параўнаньне з пакутамі мільёнаў іракцаў, што былі забітыя ці прыгняталіся аднапартыйным рэжымам Садама Хусэйна. Партыя БААС не была нармальнай партыяй, гэта была ўстанова кантролю, рэпрэсіяў і карупцыі – лічыць Ахмэд Чалябі.

Зь леташняга траўня ў межах “чысткі”, праведзенай амэрыканскай адміністрацыяй на чале з Полам Брэмэрам, працу і пэнсіі ў Іраку страцілі ад 15 да 30 тысячаў чалавек, якія былі зьвязаныя з партыяй БААС, сярод іх – выкладчыкі, прафэсары ўнівэрсытэтаў, інжынэры, вайскоўцы. Прадстаўнікі кіраўнічага зьвяна партыі былі звольненыя безагаворачна, асобы больш нізкага статусу ў партыйнай гіерархіі мелі абмежаванае права на абскарджваньне. Амэрыканцы – адзначае “Washington Post” – хацелі як мага хутчэй пазбавіцца ад уплыву баасістаў, а па другое, лічылі, што ўсё кіраўніцтва партыі нясе адказнасьць за злачынствы Хусэйна. Але кадравыя “чысткі” разам з сур’ёзнымі эканамічнымі і адміністрацыйнымі праблемамі спарадзілі хвалю выступаў пратэсту.

“Washington Post” цытуе былога ірацкага паліцыянта, зараз беспрацоўнага Алі, які гаворыць :”Калі мы ня знойдзем вырашэньня нашых праблемаў, мы ўсе скончым як сабатажнікі і тэрарысты”. Паводле Алі, яго і іншых, хто страціў працу ў выніку чыстак, спакушаюць грашыма, каб яны ўсталі на шлях узброенай барацьбы зь сіламі кааліцыі.

“Washington Post” прыводзіць меркаваньне былы генэрала Фахада, які сядзеў у вязьніцы пра Хусэйне. Былы вайсковец кажа, што ў аднапартыйнай дзяржаве выкладчыкі, вайскоўцы, чыноўнікі мелі невялікі выбар і ўступалі ў БААС, каб зрабіць кар’еру. “Злачынцы павінны быць пакараныя, але неразумна судзіць мільёны былых сябраў партыі”, – гаворыць былы генэрал.

Паводле новай палітыкі будзе пашыранае права былых баасістаў на апэляцыю наконт звальненьня, да таго ж зараз пры вырашэньні лёсу таго ці іншага былога сябра партыі будзе ўлічвацца ня толькі ягоны фармальны партыйны статус, але і канкрэтныя справы на тых пасадах, якія ён займаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG