Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАМАЦАВАНЬНЕ САВЕЦКАСЬЦІ БЕЛАРУСКАЕ МОВЫ


Валянціна Аксак, Менск

“Беларуска-рускі слоўнік. Рэдактар акадэмік АН Беларусі К.К. Атраховіч (Кандрат Крапіва). Выданьне 3-е, папраўленае і дапоўненае. Пад рэдакцыяй акадэміка НАН Беларусі А.І.Падлужнага”. Так складальнікі і выдаўцы рэпрэзэнтуюць выданьне, якое некаторыя журналісты ўжо пасьпелі ацаніць як значную прагрэсіўную працу акадэмічных мовазнаўцаў, якія, маўляў, улічылі ўвесь новы лексычны набытак роднае мовы за апошнія 15 гадоў, зьвязаных з усталяваньнем Беларусі як сувэрэннае самастойнае краіны.

А вось як дух і літару перавыдадзенага слоўніка ўспрыняў знаны мовазнаўца, аўтар папулярнае кнігі “Культура мовы” прафэсар Гарадзенскага ўнівэрсытэту Павал Сьцяцко:

(Сьцяцко: ) “Дык там паказана, што паводле выданьня 1988–89 гадоў, якое было другім. Гэта трэцяе выданьне — першае было ў 1962-м. Трэцяе паводле другога. Нічога ў ім не зьмянілася, толькі дабаўлена, што трэцяе выданьне пад рэдакцыяй акадэміка Падлужнага. Ну дык пры чым тут Падлужны, калі захавалася ўсё тое, што было і пры Крапіве?”

Дзеля ілюстрацыі свайго меркаваньня пра замацаваньне слоўнікам саветызаванае ў мінулым лексыкі беларускае мовы прафэсар Сьцяцко прыводзіць шмат канкрэтных прыкладаў, некаторыя зь якіх выглядаюць проста анэкдатычна:

(Сьцяцко: ) “Я паглядзеў: там і “бяседа”, і “субяседнік” — усё тое, што было. У нас жа цяпер субяседнік — гэта сабутэльнік, а не суразмоўца”.

Перавыданьне ня спраўдзіла спадзяваньняў і практыкаў. Вядомы перакладнік кандыдат філялёгіі старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру Лявон Баршчэўскі кажа, што беларуска-расейскі слоўнік патрэбны тым, хто імкнецца пашырыць беларускую літаратуру ў асяродках расейскамоўных чытачоў. Аднак, карыстаючыся гэтым слоўнікам, яны ня змогуць ня толькі якасна перакласьці твораў сучасных беларускіх пісьменьнікаў на расейскую мову, але часам нават і зразумець іх.

(Баршчэўскі: ) “Спадар Падлужны спэцыфічна разумее мову і ейныя працэсы. І гэта, адчуваецца, ягоная рука, калі ён у прадмове напісаў, што яны сьвядома не ўключалі ў слоўнік такіх словаў як “фатэль”, “вечарына”, “імпрэза”. Я дадам ад сябе — няма там слова “спадар” і іншых сучасных актыўных словаў. Маўляў, яны не падабаюцца самому спадару Падлужнаму. Ну, але мне вельмі цяжка ўявіць, як будзе перакладаць расейскі перакладчык творы Ўладзімера Арлова, Андрэя Хадановіча і шмат каго іншых, у якіх гэта звычайныя словы, якія пастаянна ўжываюцца. І ў гэтым сэнсе я лічу, што гэта палітызаваны падыход да мовы. Для акадэміка мовазнаўства гэта нават неяк і непрыстойна”.

Спадар Сьцяцко параўновае гэтае выданьне акадэмічнага інстытуту зь яшчэ адным, якое аналягічна замацоўвае савецкія моўныя рэаліі:

(Сьцяцко: ) “Гэта тое самае, што яны зрабілі ў гэтым аднакнігавым тлумачальным слоўніку. Ну, унесьлі сучасныя новыя словы, якія супольныя з расейскай мовай. Але ў астатнім там яны паўтарылі ўсё савецкае, усе савецкія моўныя рэаліі”.

Таму, гаворыць прафэсар Сьцяцко, незалежныя мовазнаўцы павінны шукаць шляхоў для хутчэйшага выданьня альтэрнатыўнага беларуска-расейскага слоўніка, складаньнем якога займаецца група навукоўцаў. Але такі слоўнік — не асноўны цяпер клопат. На думку спэцыялістаў, сучасны стан беларускае мовы вымагае ад навукоўцаў зусім іншае працы і іншых падыходаў да сучасных моўных працэсаў. Суцэльнае панаваньне расейскае мовы ва ўсіх амаль сфэрах жыцьця краіны вымагае ў першую чаргу выданьняў, скіраваных на беларусізацыю грамадзтва, — гаворыць прафэсар Сьцяцко.

(Сьцяцко: ) “Я думаю, што трэба нам выдаваць якраз не беларуска-расейскі, а расейска-беларускі слоўнік. У тым сэнсе, што людзі будуць ісьці ад расейскай мовы і будуць бачыць сучасныя адпаведнікі беларускія. З гэтага, я думаю, пачынаць трэба, з гэтага варыянту. Найбольш карыстаюцца гэтым варыянтам, а потым глядзяць, як там будзе: “узбудзіць крымінальную справу” ці “завесьці крымінальную справу”, ці што іншае ў перакладзе з расейскае “возбудить” штосьці”.

Старшыня ПЭН-Цэнтру Лявон Баршчэўкі гаворыць пра яшчэ адзін неадкладны клопат беларускіх мовазнаўцаў:

(Баршчэўскі:) “У маленькай Літве, у якой чатыры мільёны жыхароў, усё ж яны рэгулярна кожны год выпускаюць чарговы том капітальнага слоўніка літоўскай мовы. Слоўніка, у які ўключаны без аўтарытэтаў, без прэфэрэнцыяў пэўных там людзей з інстытуту мовазнаўства ўсё, што на літоўскай мове зафіксавана, — дыялектныя словы, навуковая тэрміналёгія і іншае. І нашаму інстытуту мовазнаўства трэба было б распачаць выпуск капітальнага слоўніка беларускае мовы, які б ахапіў паўмільёну ці нават мільён словаўжываньняў. Калі гэтага цяпер не пачаць, то гэта ніколі й ня будзе скончана. Я разумею, што гэта праца вялікая, разумею, што трымаюць на галодным пайку гэты інстытут, але не рыхтаваць гэтай працы нельга, бо гэта не апраўдвае існаваньня самога Інстытуту мовазнаўства”.

А яшчэ Лявон Баршчэўкі гаворыць, што сучасным беларусам, асабліва моладзі, вельмі не хапае капітальных ангельска-беларускага і беларуска-ангельскага слоўнікаў. Бязь іх выхад на Захад любое галіны незалежнага беларускага жыцьця немажлівы. Ня кажучы ўжо пра пераклады на ангельскую мову найлепшых твораў сучаснае беларускае літаратуры. Пра тое, аднак, у акадэмічным інстытуце ніхто цяпер ня дбае. Прыярытэты там ня тыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG