Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЭДЫКАЎ ЗАБІРАЮЦЬ ЧЫРВОНЫ КРЫЖ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Знаёмы зь дзяцінства кожнаму беларусу чырвоны крыж хутка амаль зьнікне з вачэй. Спачатку яго замалююць на беларускіх аўтамабілях хуткай дапамогі, а да канца году заменяць у афармленьні мэдычных установаў, вонкавай рэкляме ды іншых месцах. Гэтага ад дзяржаўных установаў Беларусі дамаглося Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа.

Яшчэ ў 2000 годзе парлямэнт краіны прыняў закон аб выкарыстаньні сымбаляў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, але выконваць яго не сьпяшаліся. Прыкладам, чырвоныя крыжы дагэтуль застаюцца на аўтамабілях хуткай дапамогі, хаця замаляваць іх — справа некалькіх хвілінаў. Цяпер адпаведны загад ад Міністэрства аховы здароўя атрыманы. Праўда, пакуль ня вызначана, чым будзе заменены гэты сымбаль. Галоўны лекар менскай станцыі хуткай дамапогі Віталь Ціцішын лічыць, што Беларусі варта ўзяць за прыклад суседнюю Ўкраіну.

(Ціцішын: ) “Нядаўна я быў у Кіеве, дык вось кіяўляне напісалі на сваіх машынах “Швідкая медычная дапамога”. І нам так трэба. У нас на борце ўсіх аўтамабіляў хуткай дапамогі напісана 03, таму нам гэты крыж неабавязковы. І чырвоная стужка, на якой белымі літарамі напісана “Хуткая мэдычная дапамога”. Я за тое, каб было напісана на беларускай мове. А таксама, каб адрозьніць аўтамабілі хуткай дапамогі ад аўтамабіляў шпіталяў, дыспансэраў, ва ўсім сьвеце пішуць “Аmbulance”. І тады нас усе пазнаюць”.

Свае прапановы наконт таго, як мусіць выглядаць аўтамабіль хуткай дапамогі і якім сымбалем яго пазначыць, Віталь Ціцішын ужо падаў у Міністэрства аховы здароўя. Там гэтым займаюцца пэўныя адмыслоўцы. А чырвоныя крыжы на больш чым тысячы аўтамабілях хуткай дапамогі будуць замаляваныя цягам аднаго-двух тыдняў — на гэта, паводле Віталя Ціцішына, хопіць некалькіх бляшанак фарбы.

У Міністэрстве аховы здароўя пакуль ня вызначыліся, якім будзе агульны сымбаль мэдычных установаў Беларусі. Адмыслоўцы згадваюць, што да 1922 году ім была чара са зьмяёй, і не выключаюць, што сымбаль будзе адноўлены. Што да чырвонага крыжа, то гэты сымбаль ня зьнікне зусім, а будзе захаваны на выпадак вайсковых дзеяньняў. Васіль Раманаў зь Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа патлумачыў, што паводле Жэнэўскай канвэнцыі, чырвоным крыжам пазначаюцца шпіталі і мэдычныя ўстановы толькі падчас вайны.

Нагадаем, больш за 200 краінаў сьвету падпісалі Жэнэўскую канвэнцыю, якая ў тым ліку агаворвае правілы выкарыстаньня чырвонага крыжа. Былы Савецкі Саюз падпісаў яе яшчэ ў 1954 годзе. Між тым, толькі цяпер Беларусь робіць пэўныя крокі дзеля выкананьня сваіх абавязкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG