Праграма дасьць “нелегалам” на тры гады законны статус побыту ў ЗША – статус, які можа потым неаднаразова працягвацца. Варта заўважыць, што прадстаўнікі бізнэсу лібэралізацыю міграцыйных законаў зрабілі адным са сваіх прыярытэтных патрабаваньняў з-за дэфіцыту амэрыканцаў, якія згодныя працаваць за нізкія заробкі.
Даволі важным тут выглядае і палітычны аспэкт. У год прэзыдэнцкіх выбараў і рэспубліканцы, і дэмакраты імкнуцца атрымаць галасы гішпанамоўных выбаршчыкаў, пераважна мэксыканскага паходжаньня. Паводле некаторых ацэнак, у ЗША цяпер нелегальна працуе каля 8 мільёнаў чалавек, зь іх каля паловы мэксыканцаў, дзеля якіх у асноўных і накіраваныя прапановы Буша. Паказальна, што Буш абнародаваў сваю праграму за пяць дзён да сустрэчы з прэзыдэнтам Мэксыкі Вінцэнтэ Фоксам, які выступае за падобныя зьмены. Аднак некаторыя кансэрватыўныя рэспубліканцы ў Кангрэсе пярэчаць далейшаму паслабленьню іміграцыйнай палітыкі.
Прэсавы сакратар Белага Дома Скот Маклелан заявіў у Вашынгтоне:
(Маклелан: ) “Прэзыдэнт лічыць, што Амэрыка павінна быць адкрытым грамадзтвам. Мы – нацыя імігрантаў, і мы лепшыя і мацнейшыя, калі імігранты робяць свой унёсак у нашу дзяржаву”.
Адміністрацыя Буша таксама імкнецца пашырыць колькасьць людзей, якія могуць атрымаць “грын-карт”, права на легальны побыт у ЗША. Дарадцы прэзыдэнта, аднак, пакуль канчаткова ня вырашылі, на колькі магчыма павялічыць лічбу выдаваных дазволаў, якая пакуль складае каля мільёну “грын-картаў” у год.