Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ЗАХОЎВАЕЦЦА ТРАДЫЦЫЯ СЬВЯТКАВАНЬНЯ КАЛЯДАЎ?


Галіна Абакунчык, Менск

Шматвякавая практыка сьвяткаваньня Нараджэньня Хрыстовага ў Беларусі склалася ў трывалыя традыцыі. Найперш гэта перадкалядны пост, перадсьвяточная посная вячэра, калядаваньне ды іншыя абрады. На пытаньне, ці трымаюцца людзі клясычных Калядаў, адказы былі наступныя.

(Карэспандэнтка: ) “Ці адзначаеце вы традыцыйныя Каляды: пост, дванаццаць страваў, калядаваньне?”

(Спадарыня: ) “Зварым кашу, боршч, кампот і так адсьвяткуем. А скаромнага асабліва і не ямо, так усё жыцьцё на посным і жывём, бо няма за што купляць асабліва”.

(Спадарыня: ) “Студэнцкае жыцьцё бярэ сваё: што ёсьць у лядоўні, тое й ямо, а таму посту не прытрымліваемся”.

(Спадар: ) “Бацькі, бабуля адзначаюць, а я пра сябе такога сказаць не магу. Не атрымліваецца, проста не атрымліваецца”.

(Спадарыня: ) “Я-та ўсё гэта захоўваю, але мае дзеці ня вельмі любяць гэта рабіць”.

(Спадар: ) “Як ёсьць час, дык адзначаем. А так трэба працы прытрымлівацца”.

(Спадарыня: ) “Мы асаблівых традыцыяў ня ведаем, бо нас не вучылі зь дзяцінства. Ямо калі што ёсьць, бо з нашымі грашыма не папосьціш. А ўвогуле патрэбна, бо народ, які ня ведае сваіх традыцыяў, гісторыі й культуры, гэта не народ”.

(Спадарыня: ) “Клёцкі мы робім, грыбныя катлеты, каўбаскі па-вясковаму. Стараемся. Мы ў прыватным сэктары жывём, то раней яшчэ й па хатах хадзілі: пераапраналіся, стукалі людзям у вокны, абсыпалі жытам на багацьце, боты праз плот кідалі — хто падыме. Вой, цікава было. Ніхто спаць рана ня клаўся. Але цяпер людзі бяднейшыя сталі й крыху адышлі ад традыцыяў. Цяжкі час, і толькі Бог дапамагае перажываць усё гэта”.

Варта зазначыць, што ўсе апытаныя мінакі казалі, што яны хоць і не сьвяткуюць клясычных Калядаў, але вельмі гэтага хацелі бы. Яны перакананыя, што старажытныя народныя традыцыі павінныя быць адроджаныя і захаваныя.

(Карэспандэнтка: ) “Ці адзначаеце вы традыцыйныя Каляды: пост, дванаццаць страваў, калядаваньне?”

(Спадарыня: ) “Як я сама зь вёскі, то мы так рабілі ў школе: здымалі брамкі, калядавалі, сьпявалі песьні. Але паколькі я цяпер студэнтка, то гэтых традыцыяў не прытрымліваюся”.

(Спадарыня: ) “Пасьціцца я пашчуся, але стравы — якія Бог дасьць. Што ёсьць, тое й гатую”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці хацелі бы трымацца народных калядных традыцыяў?”

(Спадар: ) “Канечне. Але няма каму захоўваць: старэйшыя былі ведалі, а мы не. Так, зьбіраемся за сталом ды ўсё”.

(Карэспандэнтка: ) “Дванаццаць страваўпосных на стале маеце?”

(Спадарыня: ) “Не, дванаццаць у мяне няма з чаго гатаваць. Што мы ведаем — кашу, бліны. Я ўдава, сын вучыцца на платным — зводжу канцы з канцамі і ўсё”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці сьвяткуеце традыцыйныя Каляды?”

(Спадар: ) “Ды ўжо не. Адвучылі”.

(Карэспандэнтка: ) “А хацелі бы?”

(Спадар: ) “Канечне. Павінна ж і ў нас нешта быць сваё”.

(Спадарыня: ) “Я жыву ў вёсцы Вішнёўка, і ў нас гэтая традыцыя аднавілася ў часы перабудовы. І цяпер ходзяць сьпяваюць, калядуюць. І думаю, што гэтая традыцыя захаваецца і надалей. Усім жадаю здароўя, сямейнага яднаньня. Каб згадвалі сваіх годных продкаў і былі дастойныя іхнай славы”.

Гэтак мінакі на вуліцах Менску выказваліся пра традыцыйнае сьвяткаваньне ў Беларусі Калядаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG