Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАКАНАДАЎЧЫ СХОД АФГАНІСТАНА ПРЫНЯЎ НОВУЮ КАНСТЫТУЦЫЮ КРАІНЫ


Віталь Цыганкоў, Прага

У адпаведнасьці з новай Канстытуцыяй, Афганістан – “ісьлямская рэспубліка з прэзыдэнцкай сыстэмай кіраваньня”. Да амаль адзінагалоснага прыняцьця канчатковага тэксту спрычыніліся закулісныя кансультацыі, якія нарэшце прывялі да ўлагодненьня супярэчнасьцяў, што пагражалі разбурыць Лоя Джыргу. Дэбаты працягваліся тры тыдні замест заплянаваных 10 дзён, і часам здавалася, што рознагалосьсі паміж рознымі палітычнымі групоўкамі і этнічнымі фракцыямі не дазволяць прыйсьці да кампрамісу. Дыскусія ў апошнія дні ў асноўным была сканцэнтраваная вакол шырыні прэзыдэнцкай улады і афіцыйных моваў Афганістана. Часовы кіраўнік Афганістану Хамід Карзай заклікаў да пошуку кансэнсусу:

(Хамід Карзай: ) “Мы робім праект Канстытуцыі для ўсяго народу Афганістану. Таму добра было б, каб кожны пагадзіўся з тэкстам. Калі большасьць прадстаўнікоў Лоя Джыргі пагодзіцца, гэта будзе цудоўна. Але было б пажадана, каб усе дэлегаты Лоя Джыргі прагаласавалі за Канстытуцыю, бо гэта важна для нашай нацыянальнай еднасьці”.

Жаданьне Хаміда Карзая было ажыцьцёўлена. За кампрамісны праект Канстытуцыі прагаласавала пераважная большасьць делегатаў Лоя Джыргі. Ва ўхваленым тэксьце застаюцца даволі моцныя прэзыдэнцкія паўнамоцтвы, на чым настоўваў Карзай, аднак зьяўляюцца два віцэ-прэзыдэнты. Прэзыдэнт прапаноўвае на зацьверджаньне парлямэнту склад ураду. Аднак двухпалатны заканадаўчы орган можа ня толькі зацьвярджаць сябраў кабінэту міністраў, але і пры пэўных умовах адхіляць з пасады кіраўніка краіны.

Афіцыйнымі мовамі краіны прызнаюцца дары і пушту, аднак у месцах кампактнага пражываньня пэўных меншасьцяў, асабліва на поўначы краіны, статус афіцыйнай надаецца і мясцовым мовам.

Амбасадар ЗША у Афганістане Залмай Халізад адзначыў, што новая афганская Канстытуцыя найболей прагрэсіўная ва ўсім іслямскім сьвеце. Новую Канстытуцыю Афганістану віталі генэральны сакратар ААН Кофі Анан, які назваў яе гістарычнай падзеяй, а таксама прэзыдэнт ЗША Джордж Буш, які адзначыў, што дэмакратычны Афганістан дапаможа ў барацьбе з тэрарызмам і спыніць хвалю уцекачоў з краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG