Сярод найбольш значных падзеяў у грамадзка-палітычным жыцьці Беларусі ў 2004 годзе мае выпадковы суразмоўцы часьцей за ўсё называлі выбары, прычым многія лічылі, што ў краіне адбудуцца не парлямэнцкія, а прэзыдэнцкія выбары.
(Спадар: ) “Выбараў чакаем, што ж яшчэ”.
(Спадарыня: ) “Гэта самае галоўнае”.
(Спадарыня: ) “Сёлета ў Беларусі выбары, аднак я думаю, што значных зьменаў у нас не адбудзецца”.
(Спадар: ) “Напэўна, выбары прэзыдэнта. Што яшчэ ў нас можа быць?”
(Карэспандэнтка: ) “А якіх пераменаў вы чакаеце ад новага году?”
(Спадар: ) “Самае галоўнае — падвышэньня заробку. Бо цэны растуць, а заробкі застаюцца на тым жа ўзроўні. Цяжка прыходзіцца. І каб закончыць будаўніцтва нашага “алмазу”, як ён там называецца — бібліятэкі”.
(Спадар: ) “Напэўна, выбары. І будзем спадзявацца, што ў нас будзе годны прэзыдэнт, якога выбярэ народ”.
(Карэспандэнтка: ) “Але выбараў прэзыдэнта сёлета ня будзе, будуць парлямэнцкія выбары”.
(Спадар: ) “Але ж будуць гонкі перадвыбарныя. І ў Расеі таксама выбары, і яны на нас адаб’юцца таксама”.
(Спадарыня: ) “Я, напрыклад, вельмі хачу, каб нашаму народу жылося лепей”.
(Спадарыня: ) “Я спадзяюся, што ў новым годзе нашы людзі будуць часьцей падарожнічаць, каб у іх на гэта хапала грошай. Я працую ў турыстычным бізнэсе, і мне гэта вельмі блізка”.
(Спадарыня: ) “Чакаем выбараў прэзыдэнта. Хачу, каб былі хутчэй выбары прэзыдэнта”.
(Спадарыня: ) “Я хачу, каб было болей клюбаў, месцаў, дзе можа зьбірацца моладзь”.
(Спадар: ) “Кожны год — гэта ўсё новае й новае, лепшае й лепшае. І мы павінны імкнуцца да гэтага”.
(Спадар: ) “Нібыта ў нашай Беларусі жыцьцё ўжо палепшылася, заробкі лепшыя сталі. Але, канечне, хацелася бы пераменаў, каб стала яшчэ лепей. Нібыта дабрабыт, але не зусім. Сям’ю складана яшчэ трымаць”.
(Спадар: ) “Якіх пераменаў? Паляпшэньня жыцьця. Моладзі трэба кватэры даваць. Няма дзе жыць — вось мы ўдвох здымаем кватэру. Няма дзе жыць, ня можам дзяцей завесьці. Няма як разьвівацца нацыі. І каб урад крыху больш увагі надаваў моладзі”.
(Спадарыня: ) “Хачу, каб нашы людзі сталі жыць лепей, каб можна было больш свабодна кантактаваць, не баяцца ўвечары хадзіць па вуліцы, каб былі ўсе здаровыя і шчасьлівыя. А што тычыцца палітычнага жыцьця, то мне хацелася б (а я займаюся бізнэсам), каб былі нармальныя ўмовы для бізнэсу ў нас у краіне. Вось і ўсё”.
(Спадарыня: ) “Я думаю, што ў нашым грамадзтве ўсё будзе добра, ціха, без усялякіх канфліктаў. Стабільнасьць, галоўнае, каб была. Якіх бы я хацела пераменаў? Каб у нас прайшлі выбары, праўдзівыя, каб інфляцыі не было вялікай”.