Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ ЗДАРАЮЦЦА АЎТААВАРЫІ?


Любоў Лунёва, Менск

На дарогах стала коўзка, і, натуральна, гэта стварае пэўную небясьпеку для аўтааматараў. Але гэткая гісторыя паўтараецца штогоду. Звычайна камунальныя службы спасылаюцца на тое, што робяць усё неабходнае, але не пасьпяваюць сыпаць на дарогі пяску і солі, а супрацоўнікі ДАІ кажуць, што забясьпечылі неабходны кантроль, але кіроўцы самі вінаватыя. Надвор’е і стан дарогаў уплываюць на колькасьць аварыяў. Але ёсьць і іншыя прычыны.

Я размаўляла з адмыслоўцамі аналітычных аддзелаў ДАІ Менску і Менскай вобласьці. Яны адзначаюць, што адной з прычынаў ёсьць малы досьвед аўтааматараў. Калі дасьледавалі абставіны аварыяў, высьветлілася, што большасьць кіроўцаў, што трапілі ў аварыі, год-два таму атрымалі правы. Яны пачынаюць адчуваць сябе больш упэўнена на дарогах і экспэрымэнтуюць — то падвышаюць хуткасьць, то выяжджаюць на сустрэчную паласу. Вось тут іх і чакаюць розныя непрыемнасьці.

У горадзе і па-за межамі характар аварыяў адрозьніваецца. Супрацоўнікі ДАІ падзяляюць аварыі на дзьве катэгорыі — улічаныя і няўлічаныя. Улічаныя — гэта калі ў выпадку аварыі пацярпелі людзі (загінулі альбо параненыя). За межамі Менску цягам месяца адбылося каля 100 такіх аварыяў. Пік іх прыходзіцца на выходныя дні. Цікава, што, калі ў пазамінулыя выходныя па FM-станцыях абвесьцілі пра небясьпеку на дарогах і заклікалі карыстацца грамадзкім транспартам, то многія паслухаліся і аварыяў не пабольшала.

Супрацоўнікі ДАІ кажуць, што іншы галаўны боль — гэта гужавы транспарт. Людзі з адной вёскі на коніку едуць у суседнюю, бяруць з сабой малых дзяцей, вось тут і здараюцца трагедыі. Кіроўцы не пасьпяваюць зьменшыць хуткасьці аўтамабіляў. Пік такіх здарэньняў прыпаў на мінулы тыдзень. У суботу адбылося некалькі такіх здарэньняў, пацярпелі дзеці.

Уладальнікі ровараў таксама ствараюць аварыйныя сытуацыі на дорогах. У чацьвер адна маці пасадзіла трохгадовага сына на ровар і выехала на хуткасную трасу. Кіроўца аўтамабілю заўважыў яе вельмі позна. Жанчына загінула на месцы, а хлопчык знаходзіцца ў рэанімацыі.

За апошнія шэсьць месяцаў колькасьць кіроўцаў, якія былі нецьвярозыя, значна зьменшылася. Я маю на ўвазе тых, хто трапіў у аварыю. Адмыслоўцы мне патлумачылі гэта тым, што людзі не рызыкуюць садзіцца за стырно пасьля чаркі. У правілах зьмянілі адказнасьць за гэта, раней быў штраф, а цяпер — пазбаўленьне правоў.

Супрацоўнікі ДАІ мне казалі, што бывае так: кепскія дарогі, сьлізка, кепска бачыць — чакаюць, што прыйдзецца часта выяжджаць на аварыі, але ўсё як звычайна. А бывае: усё нармальна — і чамусьці за дзень аварыяў столькі, колькі пры неспрыяльным надвор’і за тыдзень бывае. Мінулыя выходныя аварыяў таксама было зашмат.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG