Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫБАРЫ Ў ДЗЯРЖДУМУ РАСЕІ МОГУЦЬ ПАВЯЛІЧЫЦЬ ПРАКРАМЛЁЎСКУЮ ПАРЛЯМЭНЦКУЮ БОЛЬШАСЬЦЬ

Аляксей Знаткевіч, Прага

Паводле прагнозаў, выбары надалей павялічаць пра-крамлёўскую большасьць у расейскім парлямэнце. У цяперашняй Думе 145 з 450 месцаў мае фракцыя “Адзіная Расея”. Разам са сваімі хаўрусьнікамі, у ліку якіх фракцыя Ўладзімера Жырыноўскага, яна забясьпечвае большасьць галасоў для рашэньняў, патрэбных прэзыдэнту Расеі Ўладзімеру Пуціну.

У наступнай Думе “Адзіная Расея” можа атрымаць нашмат больш месцаў – гэтая партыя карыстаецца шырокім доступам да мэдыяў, а таксама вялікай фінансавай і адміністрацыйнай падтрымкай. Мікалай Пятроў, палітычны аналітык маскоўскага Цэнтру Карнэгі, каворыць, што цяперашнія выбары могуць стаць чарговым крокам да поўнага кантролю Крамля над грамадзкімі ўстановамі Расеі.

(Пятроў: ) “Гэтая Дума будзе нават болей спрыяльная для Крамля, чым цяперашняя. У гэтым сэнсе прынцыпова нічога ня зьменіцца. Прынцыповае значэньне выбараў у тым, што на іх тэстуецца мадэль “кіраванай дэмакратыі”.

Паводле спадара Пятрова, вынікі выбараў альбо канчаткова замацуюць у Расеі пуцінскую мадэль “кіраванай дэмакратыі”, альбо дазволяць захаваць нейкую ступень палітычнага плюралізму.

Шмат будзе залежаць ад вынікаў дэмакратычных партыяў, якія маюць фракцыі ў цяперашняй Думе – “Яблоко” і “Саюз правых сілаў”. Паводле апытаньняў, гэтыя дзьве партыі могуць і не пераадолець 5-адсоткавы бар’ер на выбарах. Балянсуючы на мяжы, тое ж “Яблоко” цяпер збольшага пазьбягае падымаць у сваёй выбарчай кампаніі вострыя праблемы – у прыватнасьці, вайну ў Чачэніі.

Акрамя таго прагнозы паказваюць, што апазыцыйная фракцыя камуністаў у наступнай Думе будзе меншай, чым цяпер.

Магчыма нават, што Крэмль атрымае зброю, якой раней ня меў ніколі – дзьве траціны галасоў у Думе, якія дазваляюць ініцыяваць зьмены ў Канстытуцыі. Вось што гаворыць незалежны дэпутат Уладзімер Рыжкоў.

(Рыжкоў: ) “Я дэмакрат і хачу толькі аднога – каб ніхто ў Думе ня меў жорсткага пакету ў 300 галасоў. Гэта гарантыя для Канстытуцыі, для ўсяго грамадзтва, што ня будзе ніякіх катастрафічных сцэнараў адмены выбараў, адмены фэдэралізму, працягу тэрміну паўнамоцтваў службовых асобаў. Каб любое прынцыповае канстытуцыйнае рашэньне рабілася толькі праз кампраміс”.

Пакуль што расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін заяўляе, што ня мае плянаў мяняць Канстытуцыю. Але зьмены ў Канстытуцыі могуць спатрэбіцца для палітычнай цэнтралізацыі Расеі. Акрамя таго, некаторыя прыхільнікі Пуціна па-ранейшаму гавораць пра магчымасьць трэцяга тэрміну для расейскага прэзыдэнта.
XS
SM
MD
LG