Падставай для экспэртызы некаторых малочных сумесяў вытворчасьці Нямеччыны і Ізраілю сталі выпадкі сьмерці некалькіх ізраільскіх немаўлятаў і хвароба цэнтральнай нэрвовай сыстэмы яшчэ ў дзясяткаў дзяцей малодшага ўзросту. Лябараторныя дасьледаваньні паказалі, што ўсе яны пацярпелі ад недахопу ў штучным дзіцячым харчаваньні гэтак званага тыяміну, альбо вітаміну В1. Беларусь у ліку першых далучылася да краінаў, якія прыпынілі рэалізацыю дзіцячага харчаваньня пад маркамі “Хумана”, “Рэмэдыя” і “Бэбі Сытэр”. Але ад сёньняшняга дня ўся гэтая прадукцыя зноў зьявілася ў гандлёвай сетцы, — паведаміла Радыё Свабода загадчыца аддзяленьня харчаваньня Рэспубліканскага Цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Анжэла Скурановіч.
(Скурановіч: ) “Праведзеныя лябараторныя дасьледаваньні, уся прадукцыя адпавядае нашым гігіенічным патрабаваньням, а таксама паказчыкам утрыманьня вітамінаў і мікраэлемэнтаў. Таму рэалізацыя ўсёй прадукцыі, якая паступіла на спажывецкі рынак пад гандлёвымі маркамі “Хумана”, “Рэмэдыя” і “Бэбі Сытэр”, адноўленая. Такія ж дасьледаваньні праводзяцца і датычна айчынных вытворцаў. І хоць у ваўкавыскага прадпрыемства “Беллакт” ёсьць свая, вельмі добра абсталяваная лябараторыя, але раз на квартал робяцца і дасьледуюцца адпаведныя пробы”.
Адрозна ад Беларусі, суседняя Расея працягнула тэрміны лябараторных дасьледаваньняў. У Ізраілі, дзе спажываньне харчаваньня на соевай аснове прывяло да сьмяротных выпадкаў, пра аднаўленьне продажу “Хуманы” і “Рэмэдыі” гаворка пакуль не ідзе ўвогуле: Міністэрства аховы здароўя краіны, як і фірмы-вытворцы, прыцягнутыя да судоў бацькамі памерлых дзяцей. У Нямеччыне таксама распачатыя крымінальныя справы супраць трох супрацоўнікаў фірмы “Хумана”, якіх абвінавачваюць у датычнасьці да забойстваў паводле “абыякавасьці”. У Беларусі, кажуць адмыслоўцы, ёсьць альтэрнатыва замежнаму дзіцячаму харчаваньню. Ваўкавыскае прадпрыемства “Беллакт” выпускае больш за два дзясяткі сухіх сумесяў і ягоныя супрацоўнікі перакананыя ў якасьці сваіх вырабаў.
(Супрацоўніца “Беллакту”: ) “Усе нашыя дзеці растуць на гэтым харчаваньні. Больш за 30 год мы існуем — ад 1969 году, і нараканьняў на прадукцыю не было ніколі. Нядаўна мы прайшлі сыстэму міжнароднай сэртыфікацыі якасьці, і два месяцы таму атрымалі адпаведнае пасьведчаньне. Можа ня ўсе пра гэта ведаюць, а можа жадаюць чагосьці лепшага для дзіцяці, не разумеючы, што сваё харчаваньне нашмат лепшае за прывезенае з-за мяжы. Але рынак — справа вельмі тонкая”.
Бацькі немаўлятаў кажуць, што, адрозна ад савецкіх часоў, вольныя выбіраць, чым карміць сваіх дзяцей. Маладая маці Алена распавядае, што карыстаецца як айчыннымі, так і замежнымі гатункамі. І ў кожнай прадукцыі ёсьць свае плюсы і мінусы.
(Алена: ) “Прыкладам, тая ж “Алеся” дрэнна распушчаецца. Трэба адразу распусьціць у місе, а потым празь сіта пераліваць у бутэльку, бо ў іншым выпадку застануцца камячкі. Што да імпартовых сумесяў — дык у бутэлечку мернай лыжачкай насыпаў, вады наліў, страсянуў — і гатова. З той жа “Алесяй” так не атрымліваецца, таму даводзіцца усё рабіць паасобку. Але “Алесю” купляю, і сярод нашых яна нядрэнная”.
Тым часам пастаўцы прадукцыі “Хумана” і “Рэмэдыя” прагназуюць, што гісторыя з прыпыненьнем продажу аднайменных марак дзіцячага харчаваньня нямецкай і ізраільскай вытворчасьці можа нэгатыўна паўплываць на пакупніцкі попыт.