Галоўныя архівісты краінаў СНД, Балтыі й Польшчы на сумеснай канфэрэнцыі ў Менску абмяркоўвалі праблемы ўзаемадзеяньня архіўных службаў і спрабавалі ўрэгуляваць узаемныя прэтэнзіі. Іх нямала, у тым ліку тыя, якія абумоўленыя распадам дзяржаваў, войнамі й канфліктамі. У выніку гэтых падзеяў многія архівы зьмянілі месцазнаходжаньне, яны былі падзеленыя, як славуты архіў Радзівілаў, фонды якога знаходзяцца ў Беларусі, Польшчы, Літве і Расеі. Цалкам вярнуць яго на радзіму цяпер немагчыма, — пагадзіліся адмыслоўцы і вырашылі найперш ствараць умовы роўнага доступу да гэтага архіву.
Але адносна некаторых іншых архіваў аднабаковыя прэтэнзіі засталіся. Найчасьцей на адрас Расеі, на тэрыторыі якой апынуліся каштоўнасьці Польшчы, краінаў Балтыі, Украіны і Беларусі.
Адмыслоўцы згадваюць гісторыю зьнікненьня ў 1941 годзе нацыянальнай сьвятыні Беларусі Крыжа Эўфрасіньні Полацкай. Паводле дасьледнікаў, у тым ліку зь беларускага КГБ, гэты крыж быў вывезены з Магілёва ў Расею напярэдадні захопу гораду немцамі. Адмыслоўцы лічаць, што сьлядоў крыжа варта шукаць у дзяржаўных архівах Расеі, аднак расейцы з гэтым не пагаджаюцца. Вось і сёньня кіраўнік Фэдэральнай архіўнай службы Расеі Ўладзімер Казлоў быў зьдзіўлены прэтэнзіямі беларусаў:
(Казлоў: ) “Я ўпершыню чую пра гэтую праблему. Якія падставы ёсьць, каб заяўляць, што гэты крыж знаходзіцца ў Расеі, а, прыкладам, не ў Нямеччыне ці Злучаных Штатах Амэрыкі?”
Крыж Эўфрасіньні Полацкай дагэтуль ня знойдзены, і дасьледнікі нават не наблізіліся да высьвятленьня ягонага лёсу. Але пра шэраг іншых каштоўнасьцяў Беларусі вядома больш. Напачатку 1990-х гадоў Скарынаўскі цэнтар адмыслова выдаў некалькі кнігаў пад агульнай назвай “Вяртаньне”, у якіх пералічаныя беларускія каштоўнасьці за мяжой. У гэтых крыніцах прыведзеныя зьвесткі й пра вядомыя зборы беларускіх дакумэнтаў, якія захоўваюцца ў расейскіх архівах. Гісторык Вялянцін Голубеў, у прыватнасьці, называе архіў беларускіх уніяцкіх мітрапалітаў, які знаходзіцца ў Санкт-Пецярбурзе. Паводле Валянціна Голубева, такіх архіваў сотні, і галоўная праблема — расейцы не зацікаўленыя ў тым, каб беларусы іх вывучалі.
(Голубеў: ) “Тое, што ў нас было агульнае з Польшчай і Літвой, гэтыя дакумэнты былі вывезеныя ў Расею пасьля акупацыі Рэчы Паспалітай. І калі па вялікім рахунку, то Расеі й цяпер няма патрэбы прапагандаваць нашую агульную гістарычную і культурную спадчыну”.
Валянцін Голубеў адзначае, што ня вернутыя і некаторыя беларускія архівы ў іншых краінах СНД. У прыватнасьці, бібліятэка і архіў Храптовічаў паводле запавету мусіў вярнуцца ў Беларусь, але застаўся ў Кіеве. Паводле меркаваньня гісторыка, сучасная беларуская дзяржава не прыкладае дастаткова намаганьняў для вяртаньня каштоўнасьцяў, якія тычацца пэрыяду Вялікага Княства Літоўскага ды Рэчы Паспалітай. А вось што да савецкага пэрыяду гісторыі Беларусі, то тут зроблена больш. Старшыня камітэту па архівах і справаводзтве Беларусі Ўладзімер Адамушка адзначае:
(Адамушка: ) “Зь дзяржаўнага архіву Расейскай Федэрацыі зусім нядаўна перададзеныя копіі дакумэнтаў пра тое, што адбывалася ў нас у часе Вялікай Айчыннай вайны на Наваградчыне. У нас гэтага не было. Гэта дакумэнты камісіі аб расьсьледаваньні злачынстваў акупантаў”.