У чацьвер пачаліся сэсіі абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу. Ініцыятар зьменаў у Выбарчым кодэксе дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валеры Фралоў падчас зацьверджаньня парадку дня ня стаў патрабаваць унесьці ў яе адпаведны законапраект. Спадар Фралоў сказаў, што трэба дапрацаваць ягоны праект, а потым выносіць на сэсію, і дадаў, што разгляд зьменаў у Выбарчым кодэксе стане сур’ёзным сыгналам для эўрапейскіх структураў.
Пасьля гэтага Валеры Фралоў распавёў, што 30 верасьня яго разам зь іншым дэпутатам Палаты Ўладзімерам Парфяновічам затрымалі на мяжы зь Літвой. Дзьве з паловай гадзіны чатыры мытнікі правяралі машыну спадара Парфяновіча, а потым ягоны дэпутацкі партфэль. Пасьля адбыўся асабісты дагляд, які, паводле пратаколу, “спыніўся на стадыі зьняцьця верхняй вопраткі”.
Спадар Фралоў зазначыў, што гэта зьнявага яго як дэпутата ды як генэрала, і назваў гэта грубым парушэньнем закону аб статусе дэпутата, які гарантуе сябрам Нацыянальнага сходу недатыкальнасьць.
Аднак іншы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, ён жа старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Аляксандар Шпілеўскі паведаміў на сэсіі, што гэта ён загадаў правесьці дагляд калег-дэпутатаў, бо меў пэўныя зьвесткі — дакладней, падазраваў, што тыя ўвозяць у Беларусь грошы для фінансаваньня апазыцыі. Спадар Шпілеўскі заявіў:
(Шпілеўскі: ) “Асабіста мяне даглядалі ў Брусэлі ды ў Нямеччыне, і мяне абшуквалі да распрананьня. Таму я вам хачу сказаць, што з гледзішча агульнага заканадаўства міжнароднага і праўнага нашага на мытнай мяжы недатыкальных асобаў няма, улучна з дыпляматамі”.
Аднак, нягледзячы на такі адказ галоўнага мытніка, Валеры Фралоў заявіў, што накіруе з гэтай нагоды дэпутацкі запыт прэм’ер-міністру. Дарэчы, кандыдатуры на пасаду прэм’ер-міністра Аляксандар Лукашэнка ў Палату прадстаўнікоў яшчэ не падаў, таму зацьвярджаць новага кіраўніка ўраду пакуль ня будуць.
Валеры Фралоў ужо зьвяртаўся да кіраўнікоў пракуратуры, КГБ і Міністэрства ўнутраных справаў з просьбай паведаміць, ці робяцца супраць яго нейкія захады.
(Фралоў: ) “Усе трое разам адказалі: ніякіх мерапрыемстваў не праводзіцца. Але ж Шпілеўскі кажа, што да яго прыйшлі зьвесткі. Хто даў гэтыя зьвесткі, калі не адбываецца ніякіх апэратыўных мерапрыемстваў? Я лічу, што гэтым сваім адказам ён пацьвердзіў, што гэтая праца вядзецца — у парушэньне і Канстытуцыі, і закону аб статусе дэпутата”.
Сустрэўшы Аляксандра Шпілеўскага ў кулюарах Палаты прадстаўнікоў, я задаў яму гэткае пытаньне:
(Карэспандэнт: ) “А ў Беларусі дыпляматаў даглядалі калі-небудзь?”
(Шпілеўскі: ) “Мы даглядалі. У нас былі такія факты — ня ў мой час, праўда. Падчас перасячэньня Варшаўскага мосту былі знойдзеныя мігранты ў машыне дыплямата. Такое было. А ўжо ў мой час мытнікі даглядалі дыпгрузы, якія накіроўваліся на адрас нашае краіны”.
Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту дадаў: “Мы даглядалі й будзем даглядаць усіх асобаў, якіх палічым патрэбным”.
Тое, што ў Беларусі сябры Нацыянальнага сходу ня ёсьць недатыкальнымі, яшчэ раней пацьвердзіў выпадак зь Віктарам Рахманьком, якога арыштавалі бяз згоды Савету Рэспублікі. У чацьвер гэтая палата пазбавіла яго паўнамоцтваў сябра верхняй палаты, бо, як патлумачыла старшыня камісіі ў справах заканадаўства і дзяржаўнага будаўніцтва Натальля Андрэйчык, “абвінаваўчы прысуд, які набраў сілу, ёсьць падставай для датэрміновага спыненьня дэпутацкіх паўнамоцтваў”.